Раптам дзяўчына адчула, як яго моцныя рукi падхапiлi яе i паднялi над зямлёй. Пад Бажэнай цурчала вада. Ён пераносiў яе праз ручай. I ад пачуцця ўдзячнасцi яна абняла Вышака за шыю i прытулiлася да яго. Яму было прыемна ад яе даверлiвасцi.
На беразе ручаiны ён вырашыў заначаваць. Хутка насек мячом дроў, паслаў на зямлю яловых лапак. I вось ярка загарэлася вогнiшча. Прыемна патыхала дымком. Дзяўчына сядзела каля вогнiшча. Водблiск полымя асвятляў яе задумлiвы твар.
- Бажэна, табе трэба паспаць.
- Я хачу пасядзець з табою.
Стамiлася, але бадзёрыцца. I хiба зможа ён запярэчыць, калi сам жадае яе. Дзяўчына перахапiла яго позiрк i ласкава ўсмiхнулася. Яна сядзела побач. Iльняная спаднiца абцягвала яе каленi. Як добра было б пакласцi ёй на каленi галаву, заплюшчыць вочы i каб яе пяшчотныя рукi гладзiлi галаву; ляжаць i адчуваць яе ласку i нi пра што не думаць.
Ён узяў дзявочую руку i адчуў, як яна дрыжыць. I такая пяшчота да дзяўчыны ахапiла яго, што ён не ў сiлах быў стрымацца i, цалуючы яе далонi, зашаптаў:
- Бажэна, каханая мая.
З асалодай адчуў, як дзяўчына лёгкiм рухам пальцаў прабегла па яго валасах i абхапiла рукамi шыю. Дзявочыя вусны прыпалi ў доўгiм пацалунку да вуснаў Вышака. I калi яна патрабавальна прыцягнула яго да сябе i апусцiлася на яловыя галiнкi, якiя ўсцiлалi зямлю, ён зразумеў, што Бажэна ў яго волi.
Яшчэ можна было апамятацца, але позна... Так прыемна было ад яго пацалункаў, ад ласкi яго рук. Яна не супрацiўлялася, калi ён развязаў шнурок на сарочцы i прагнымi вуснамi прыпаў да набухлых ружовых смочкаў грудзей. Не магла вытрымаць пакутлiвай асалоды, што перажыла ў гэты момант, i цiха застагнала. Болей не было ўжо нi сораму, нi сумненняў.
* * *
Стомленыя, яны ляжалi побач, глядзелi высока ў неба, дзе зiхацелi россыпы зорак. Ляжалi абняўшыся i маўчалi - думалi кожнае пра сваё.
Бажэна кахае яго. Так даўно ён чакаў свайго кахання - вось яно. I не разлучыцца ён з Бажэнай. Нiкому не дасць каханай у крыўду. Ну, а брат? Хай змагаецца з русамi, калi яму так прагнецца подзвiгаў. Хiба не брат штурхнуў яго на ўцёкi? Хiба не брат стаў памiж iм i Бажэнай, злуючыся на тое, што яна выбрала яго, Вышака? Цяпер ужо позна нешта перамянiць. А яна не ведала, цi клясцi сябе за сваю слабаць, што паддалася страсцi, цi лiчыць, што канчаткова перамагла княжыча. Ну, пацалавацца, прылашчыць хлопца, каб болей прывязаць яго да сябе, - дапускала, а вось гэта... Гэта Вышак перамог яе, i яна цяпер у яго волi.
* * *
Стараючыся не разбудзiць Бажэны, ён выцягнуў з-пад яе галавы руку i, нахiлiўшыся над дзяўчынаю, пацалаваў яе ў скроню. Нават не пацалаваў, а з удзячным замiлаваннем перад яе прыгажосцю i даверлiвасцю дакрануўся вуснамi.
Сонца паднялося над зямлёю. Туман сплыў. Трава i лiсце дрэў зiхацелi на сонцы ўсыпанай Родам расой.
- О вялiкi Сварожыч, у гэты дзень усцеражы i блаславi нас, - сказаў замову князь i тройчы пацалаваў свае рукi. Рассякаючы са свiстам крыламi паветра, праляцелi некалькi качак i з шумам селi на ваду. Вышак, паклаўшы на лук стралу, пракраўся туды, дзе селi качкi. Птушкi не бачылi чалавека i спакойна плавалi на вадзе, раз-пораз ныралi пад ваду i праз iмгненне вынырвалi. Княжыч выбраў качара i прыцэлiўся. Было б добра, каб удача не адвярнулася ад яго, вось бы прыемна ўразiў дзяўчыну. Страла трапiла птушцы ў грудзi. Перадсмяротны крык, некалькi слабых удараў крыламi па вадзе, i качара панесла цячэннем. Качкi з шумам узляцелi ў паветра. I яшчэ доўга чуўся свiст iх крылаў. Падабраўшы забiтую птушку, выцягнуўшы з яе стралу, Вышак знайшоў глiну. Каля вогнiшча абмазаў качара глiнай i паклаў яго ў агонь. Дзяўчына яшчэ спала.
- Бажэна, - паклiкаў княжыч i пацалаваў яе ў шчаку.
Дзяўчына прачнулася i пяшчотна ўсмiхнулася юнаку.
- Вышак, - прашаптала яна i, абняўшы яго за шыю, адказала пацалункам.
Гледзячы, як Вышак упэўнена распараджаецца каля вогнiшча, як спрытна ламае галiны i падкiдае iх у агонь, як выцягнуў з агню абмазаную глiнаю птушку, разламаў глiняныя чарапкi, на якiх засталiся птушыныя пёры, як нажом абрэзаў смачныя кавалкi, ёй хацелася па-сапраўднаму даверыцца яму, моцнаму, знаходлiваму, рашучаму. I, забыўшыся, што ашуквала яго, яна радавалася таму, што Вышак клапоцiцца пра яе.
I гэтая ранiца, залiтая яскравым сонечным святлом, рэчка, у якой праз светлую ваду вiднелася жоўтае дно, птушыны шчэбет, высокiя цёмна-зялёныя хвоi, вогнiшча, што весела патрэсквала агнём, - усё здавалася дзяўчыне незвычайным, i чамусьцi было шкада, што болей не паўторыцца ў яе жыццi нi гэтая ноч, нi гэтая ранiца.
* * *
Пустата сустрэла яго дома. За гэтыя днi Воўк прызвычаiўся да Бажэны i без яе адчуў адзiноту. З цяжкiм сэрцам хадзiў ён па пакоях, натыкаўся на стол i лавы. Не мог супакоiцца. Суцяшаў сябе, што Вышак вернецца назад. Але мала верыў у гэта. А калi не вернецца, калi прамяняе яго на Бажэну? I што цяпер? Цi чакаць брата, цi выслаць за iм пагоню? Не вытрымаў i выклiкаў да сябе дзядзьку.
- Гвай, - звярнуўся ён да дзядзькi, - не загадваю табе, а прашу: даганi Вышака з Бажэнай. Выратуй брата. Яна загубiць Вышака.
- Князь! Не таi ў сэрцы немарасцi. Усё, што адбылося, - гэта твая доля. Калi яна асудзiла цябе на страту гэтай дзеўнiцы, дык ужо не вернеш Бажэны, як нi старайся.
* * *
Пасля страты дачкi Завейка страцiў i цiкавасць да жыцця. Навошта яму жыццё, калi пазбавiўся ён адзiнага дарагога чалавека, любай Бажэны. Што з ёй? Сэрца аблiвалася крывёю, калi думаў, як гэты iзгой Воўк цешыцца яго дачкою. Ездзiў ён да намеснiка рускага князя ў Новым градзе, падбiваў на паход супраць Воўка. Намеснiк адгаворваўся: то дружына маленькая, то дарогi добра не ведае, то справы не дазвалялi iсцi ў паход. Завейка сваю дружыну падняў, але вояў не хапала. Каб вось дапамаглi русы.
I днi мiналi ў хваляваннi за долю дачкi.
I адбылося дзiва. За дзвярмi раздалiся гучныя галасы. Завейка незадаволена паморшчыўся. Чаго там раскрычалiся слугi? Дзверы расчынiлiся - на парозе стаяла Бажэна. Яго родная крывiнка, яго радасць i ўцеха вярнулася дадому. Сарваўся з лавы i падбег да дачкi, якая кiнулася да яго.
- Татачка!
- Бажэна! - i спынiўся ўражаны Завейка. - Бажэна? - перапытаў ён.
- Татанька! - прыпала да яго грудзей дзяўчына. - Татанька!
Ён абдымаў яе, жывую, здаровую. Яна зноў з iм. I тут убачыў, як увайшоў у пакой Вышак. Без палахлiвасцi, упэўнена, як у свой дом. I паменшала радасць князя. Зразумеў - каханне штурхнула Вышака да яго дачкi.
- Вышак выратаваў мяне, толькi яго разую.
Цяжка ўздыхнуў Завейка i адказаў:
- Няволiць цябе не буду.
* * *
А праз колькi дзён з Новага града выступiла дружына. Грукацеў пад нагамi ваяроў i конскiмi капытамi перакiдны мост. Нi адзiн з вояў не ведаў, куды iх вядзе Завейка. Наперадзе ехаў Вышак - ён павiнен быў паказаць дарогу да цвержы Воўка. Угаварыў яго Завейка.
- Ты iзгой. Твой брат ваюе з русамi. I як паставiцца да цябе князь Яраслаў! Ты павiнен паказаць, дзе хаваецца твой брат. Калi ты адмовiшся, цябе i сiлай прымусяць паказаць дарогу. Гэта не здрада. Ты дапаможаш спынiць непатрэбную вайну ў Лiтве. Мы разбiты русамi, i трэба прызнаць iх уладу. Кожны новы дзень гэтай непатрэбнай вайны прыносiць смерць. А Воўк... ён сам выбера сваю долю: цi прыме клятву Яраславу, цi трапiць у паруб. Ты ж будзеш уладаром бацькоўскiх земляў. - Яшчэ казаў Завейка, а Вышак ужо ведаў, што згодзiцца на яго прапанову. Нiчога яму не застаецца, як згадзiцца.
- Пераступаю сваю праўду.
Як не хацеў таго, але адолелi яго ўспамiны. Нагадаў ён брата. З Воўкам нiколi не быў ён блiзкi. Нейкая адчужанасць лягла памiж iмi. Мабыць, ад таго, што Воўк старэйшы за яго i жыў iншым, чым ён. Нiколi слоў лагодных мiж сабою не мовiлi. I ўсё роўна не мог Вышак уявiць, што нiколi адкрыта не зiрне брату ў вочы. Няма цяпер у яго роднага брата, пакiнуў яго назаўсёды.
Пра адно думаў Вышак, як папярэдзiць брата, каб ён пакiнуў цвержу i схаваўся ў пушчы. Ды як папярэдзiць? Спадзяваўся на тое, што вiжы ўбачаць русаў. Тады ўсё было б памысна - Воўк пакiнуў бы цвержу.
* * *
Здзiвiлiся русы. Нiкога яны не ўбачылi на сценах. Адчыненая брама i не падняты перакiдны мост над ровам. I раптам з брамы выехаў на белым канi чалавек.
Завейка пазнаў яго - князь Воўк. Пазнаў брата i Вышак. Не пакiнуў Воўк цвержы, не схаваўся ад русаў у пушчы. Адчуваў Вышак сэрцам бяду. Конь з вершнiкам наблiжаўся да русаў. Завейка ўзяўся за меч.
- Не спяшы, князь, - мовiў Вышак i паехаў насустрач брату. Воўк злез з каня i чакаў яго. Нiякай зброi ён не меў перад сабой, нiбыта выйшаў здавацца.
Вышак спынiў каня, пакiнуў сядло i падышоў да брата.
- Падай меч свой! - сурова прамовiў Воўк.
Вышак паслухмяна выцягнуў з похваў меч i аддаў яго брату.
- Продкi нашыя! - усклiкнуў Воўк. - Вось чалавек, якi прыйшоў на суд ваш. Здрадзiў ён клятве багам нашым i за вiну сваю мусiць ад зброi сваёй памерцi. Аддаю яго вам у ахвяру, о продкi нашыя!
Вострае джала мяча, накiраванае бязлiтаснай рукой, увайшло Вышаку ў грудзi. Адчуў Воўк, як рукi брата схапiлi яго за тулава i папаўзлi ўнiз. Брат упаў на зямлю. Вось i ўсё. I Воўк ударыў мячом сабе ў жывот: "Я iду да вас, продкi!"