АНДРЭЙ ФЕДАРЭНКА
КСЮ
Аповесць
І.
Аляксей Дарафей, ці Леанід Дарафей (у пашпарце і ў ваенным білеце ён пісаўся Аляксей, а людзі, у тым ліку і родная маці, звалі яго Лёня: чамусьці сярод беларусаў распаўсюджана такая блытаніна) - дык вось, у гэтага Леаніда-Аляксея па прозвішчы Дарафей пачала кепска заводзіцца яго “Кіа”. Пасля працы ён заехаў у райцэнтр на станцыю тэхнічнага абслугоўвання. Знаёмы механік пакалупаўся і сказаў, што трэба мяняць стартэр, назваў суму - восемдзесят даляраў, але ў Мінску на аўтарынку ці ў Ждановічах такія самыя - па трыццаць. Так што калі Дарафей не лянуецца і мае час, прасцей самому з’ездзіць у Мінск.
- А я за дзякую пастаўлю...
- Дзякую ў шклянку не нальеш, - адказаў Дарафей.
Ён падумаў і вырашыў ехаць. Не таму, што шкада 50$, грошы ў яго былі: крыху даляраў на чорны дзень, крыху еўра; ляжалі беларускія на пластыкавай картцы і на банкаўскім рахунку. Проста даўно не быў у сталіцы, засумаваў па ёй. А тут такая нагода. Электрычкі цяпер хуткасныя, раніцай туды, удзень назад. Да таго ж ён як чыгуначнік меў магчымасць бясплатнага праезду раз на год у любы куток Беларусі і яшчэ ні разу гэтым правам не скарыстаўся.
Ён узяў адгул, папярэдзіў маці, што яго не будзе паўдня, і паехаў у Мінск. У першым жа павільёне аўтазапчастак на Ждановічах знайшоўся новенькі, у змазцы, стартэр. Да электрычкі хапала часу. Дарафей пакатаўся ў метро, выйшаў на плошчы Перамогі.
Пасля падземкі востра, прыемна пахла свежаскошанай травой з газонаў. Стаяў май, свяціла ранішняе сонца, ехала палівальная машына і мыла вуліцу. Высокія кусты белага бэзу цвілі буйнымі суквеццямі - кіпелі, а не цвілі. Дарафей паволі крочыў ад метро ў парк, разглядваючы капоты і зады прыпаркаваных машын, дзівячыся, якіх толькі марак не бывае. Раптам ён уздрыгнуў ад рэзкага сігналу. Азірнуўся. Белы “Лексус” асцярожна зарульваў на вузкае вольнае месца паміж машынамі. І за тую долю секунды, пакуль адчыняліся дзверцы, Дарафей зразумеў (прадчуванне часта абганяе зрок), што сігнал адрасаваны яму, і ўжо ведаў, каго зараз убачыць.
“Не можа быць!” - падумаў ён, узіраючыся ў ледзі, якая выйшла з машыны. А яна ўжо ішла да яго - нерашуча, збянтэжана, вінавата і міла пасміхаючыся, ва ўсім белым: сукенка, адкрытыя загарэлыя плечыкі, белая сумачка, белыя туфлі. На шыі блішчэў срэбны ланцужок.
- Ты пазнаеш мяне?
- Ксю...
Яна абняла яго моцна за шыю, прытулілася і абсыпала твар пацалункамі.
- Як даўно мяне так не звалі! Гэта ж колькі часу мінула!..
II.
Яны пазнаёміліся пятнаццаць гадоў назад. Аляксей якраз вярнуўся з арміі, а перад гэтым была вучоба ў палітэхнікуме, і так атрымалася, што ён гадоў сем, не лічачы кароткіх, на выхадныя, наездаў, практычна быў ізаляваны ад роднай вёскі. За гэты час аднакласніцы павыходзілі замуж, сябры - хто служыў, хто, вярнуўшыся з войска, адразу ж з’язджаў у горад, балазе, той быў блізка, а там - гіганцкі, на ўсю Еўропу вядомы металургічны завод.
Аляксей прайшоў з канца ў канец па вуліцы, дзівячыся зменам. Многа новых хат, і ў старых хатах - таксама нейкія новыя, чужыя людзі.
- Я амаль нічога тут не пазнаю, - сказаў ён дома маці.
- Што ты! Усё памянялася. Старыя паўміралі, маладыя паз’язджалі на металургічны... І ў лес не хадзі, бо заблудзішся.
Загаўкаў сабака, маці выглянула ў акно.
- Жэня сунецца...
Аляксей таксама паглядзеў. Ад веснічак праз двор ішоў незнаёмы мужчына, высокі, дужы, гадоў пад сорак, у клетчатых штанах, з сумкаю ў руцэ, - ішоў дзіўна, віхляючы задам, як жанчына. Зверху да каленяў ногі ў яго былі шчыльна сціснуты, а ад каленяў ішлі ўраскід, нібы ён не меў над імі ўлады, хоць ён стараўся рабіць маленькія крокі. Пастукаў у дзверы, узнік на парозе.
- Ну, з вяртаннем! - Рука ў яго была моцная, мазолістая. - Жэня Бракарэнка.
Аляксей наморшчыў лоб, а Жэня сказаў:
- Не старайся - не ўспомніш. Мяне твая маці толькі памятае, і то ледзь-ледзь. Я не з пустымі рукамі. Вось вам, - пачаў выкладваць з сумкі на стол, - каб не падумалі, што проста выпіць прыйшоў... Вось бутэлька, сала, мяса, яйкі свежыя...
- Не трэба! - для парадку, па вясковай звычцы завялася маці. - У нас усё ёсць.
- Такога няма. У мяне замежнае, - Жэня падміргнуў Аляксею. - Сыр, каўбаска, вінаград... А гэта, - працягнуў маці некалькі купюраў, - за клопат. Бяры, бяры, ты не адна цяпер.
Маці ўзяла грошы, узяла выпіўку, закуску. Аляксей, якому не давала спакою знаёмае прозвішча, раптам прыгадаў:
- У ваенкамаце быў хірург... Бракарэнка, здаецца?
- Гэта мой родны брат, - коратка адказаў Жэня. - Ужо ён не ў ваенкамаце, а на тым свеце.
Памаўчалі. Жэня прысеў за стол.
- Ну, расказвай. Якія планы? У горад на металургічны?
- Не, не! - Аляксей аж замахаў рукамі. - Толькі не туды!
Ён разлюбіў свой горад адразу, як там з’явіўся славуты металургічны завод - задымлены, зачумлены, з цэхамі і трубамі. Будавалі яго ад пачатку да канца аўстрыйцы і італьянцы; пабудавалі - ды так і засталіся, працавалі тут. Вось гэтыя чароўныя словы - “замежнікі, еўрапейцы” - як магнітам прыцягвалі сюды, у нікому раней невядомы, правінцыйны беларускі гарадок, а цяпер - Кландайк, Эльдарада шукальнікаў шчасця з усіх куткоў Саюза. Сюды, на гэтую выспачку буржуазнай свабоды, злятаўся, сцякаўся, спаўзаўся самы розны непатрэбны люд. Тут можна было лёгка набыць жуйкі, джынсы, цэлафанавыя пакеты з малюнкамі каўбояў, замежныя цыгарэты з тытунём і з анашой, псіхатропныя таблеткі і транквілізатары, заморскае спіртное і наркотыкі, а таксама, калі пашэнціць - венерычнае захворванне.
- Не, не ў наш горад, - паўтарыў Дарафей. - Там без мяне хапае. Я вучыцца думаю. У Мінск паступаць.
- Па якой спецыяльнасці? - пацікаваўся Жэня.
- Па сваёй, тэхнікумаўскай. Прамысловае і грамадскае будаўніцтва. Дыплом маю, характарыстыкі добрыя з арміі.
- Паступіш! Усё ў цябе атрымаецца, інжынерам станеш!
- Ды не - я думаю застацца ў аспірантуры.
- Таксама правільна. Вось за гэта хвалю, - для Жэні толькі выказаны намер быў ужо здзейсненым фактам. - Аспірантура, потым кафедра, ды па камсамольскай лініі пакруцішся, а там глядзіш - да міністэрства недалёка...
- Не суроч, сплюнь, - умяшалася маці.
- А што, міністраў з неба спускаюць? Яны з такіх, як мы, людзей бяруцца. Галава ў яго светлая, характар добры, кампанейскі... Толькі на гэта і глядзяць.
- У мяне яшчэ законныя тры месяцы ў запасе. Нешта прыдумаецца.
Жэня чамусьці азірнуўся і перайшоў на шэпт:
- А ты не хочаш папрацаваць? Са мной? На чыгунцы? Сезонным транспартным рабочым?
- А можна?
- З рукамі адарвуць. Людзей не хапае. Праца лёгкая, у ахвоту, чыстае паветра... Грошы неблагія.
Жэня зноў азірнуўся, нібы іх маглі падслухаць, зашаптаў:
- А то прынесці таго-сяго... Таварнякі багатыя бываюць. У Крывой спыняюцца на перагоне. Ёсць такая паваротка - Крывая. Прабяжышся каля вагонаў, глядзіш - пломба сарваная, нехта ўжо трыбушыў. І экспедытара няма... ну, таго, хто суправаджае груз. У вагоне - скрынкі... Памідоры, вінаград... Віно.
Маці, якая ўжо, відаць, бачыла сына міністрам, загарачылася:
- Ты яго гэтаму не вучы! У яго будучыня!
Жэня прыкрыў далоняю рот:
- Не, я ж так, да слова...
- А машыніст? - спытаў Аляксей.
- Машыніст нічога не бачыць. Цягнік заварочваецца, як змяя, з першага вагона хвост не відаць. Дык як, падумаеш?
- Падумаю...
Калі госць пайшоў, ад выпітага яшчэ больш віхляючы задам, маці пачала расквазаць. Сапраўды, Жэня гэты родам з іхняй вёскі, жыў тут, калі Аляксея яшчэ не было на свеце. Потым пасадзілі яго за нешта - “яны ж не кажуць, за што”, не паспеў выйсці - зноў сеў.
- Таму вы і не бачыліся: пакуль ты ў школе, у тэхнікуме, у арміі, ён
- па турмах...
Нарэшце Жэня нібыта ўзяўся за розум, ажаніўся, купілі з жонкаю хату, бо ягоная развалілася, ды жывуць памалу. Дзве дзяўчынкі ў іх. А ходзіць так дзіўна, бо на лесапавале дрэвам пераламала абедзве нагі, балты ў косці ўкручаныя, ён нават на працу да блізкай - паўтара кіламетры - станцыі ездзіць на мапедзе.
- А ў таго яго брата, хірурга Бракарэнкі, які цябе на камісіі глядзеў, жонка памерла ад рака, - манатонна, як казку дзецям на сон, расказвала маці, - дык ён з гора павесіўся, дзвюх дачок сіротамі пакінуў, адна вялікая, Света, у яе ўжо ў самой невядома ад каго маленькая Наста, другая
- школьніца, Аксана; абедзве гулёны, п’юць, мо нават і кураць, я, праўда, не бачыла, але хіба той завод, той горад добраму навучаць...
Аляксей амаль не слухаў гэтую сагу. Ён абдумваў Жэневу прапанову. Першы экзамен толькі ў жніўні. І праўда, засохнеш тут ад нуды. А так
- удзень працаваў бы, вечарамі рыхтаваўся да паступлення... Мо паспрабаваць?
III.
Так Аляксей Дарафей апынуўся на чыгунцы, на пасадзе “сезонны транспартны рабочы”.
З яго прыходам у брыгадзе стала шэсць чалавек: тры пастаянныя і тры сезоннікі. Пастаянныя: Жэня Бракарэнка, другі - брыгадзір Рэвут, чалавек нелюдзімы, пануры, родам з Тураўшчыны (гаварыў: палёх, лясох, карчох), і трэцяя - яго жонка кіргізка, маладая, ганарыстая, вульгарная: мацюкі так часта зляталі з яе прыгожых вуснаў і так натуральна яны ў яе гучалі, што не было сумнення, адкуль яны ўзяліся, якога яны паходжання, - дзікаватай разгульнай азіятчынай павявала ад іх, бяскрайнім палынным стэпам, вольніцай, нізкімі кашлатымі конікамі з доўгімі хвастамі, да якіх прывязваліся за валасы адсечаныя чалавечыя галовы, у запечанай крыві і ў пыле...