Мы мелі моду па дарозе зьвярнуць дзе-небудзь з трасы, дабрацца да нейкай забытай Богам і начальствам вёсачкі, пагутарыць з тамтэйшымі дзядзькамі і цёткамі, а потым выкласьці пачутае і ўбачанае раённаму начальству, якое пачувала сябе страшэнна няёмка ня столькі перада мною, як прадстаўніком вышэйстаячай інстанцыі, колькі перад пісьменьнікам Быкавым, які можа ўставіць убачанае і пачутае ў свой новы твор ці якае выступленьне ў прысутнасьці высокага начальства, “зьняславіць” на ўвесь сьвет, таму клялося тут жа неадкладна накруціць каму трэба хваста, выправіць становішча. Я намякаў, што праз нейкі месяц мы можам прыехаць і праверыць, на што Васіль Уладзіміравіч згодна, хітравата падміргваючы, хітаў галавою: “ Ну да...” Так што гэтыя паездкі часам прыносілі практычную карысьць ня толькі нам, але і простым людзям. Гэтая карысьць асабліва была відавочнай пры падрыхтоўцы і правядзеньні масавых літаратурна-мастацкіх мерапрыемстваў, калі ва ўсе раёны вобласьці выязджалі вялікія групы найбольш вядомых беларускіх пісьменьнікаў, якія дабіраліся да самых аддаленых вёсак. Усё гэта рыхтавалася на ўзроўні абласнога кіраўніцтва, кіраўнікоў гарадоў і раёнаў, як сапраўднае сьвята. Да прыезду пісьменьнікаў мясцовае начальства, каб ня ляснуць тварам у гразь, шмат што рабіла па ўладкаваньню быту людзей, навядзеньні парадку ў клубах, бібліятэках, школах, добраўпарадкаваньні гарадоў і вёсак. Памятаю, пасьля сьвяткаваньня стагоддзя Цёткі, якое па прызнаньні кіраўнікоў Саюзу пісьменьнікаў было першым такім цёплым, шчырым і маштабным народным сьвятам, прысьвечаным беларускаму літаратару і беларускай літаратуры, да нас з Быкавым падыйшоў старшыня мясцовага калгасу (здаецца, ягонае прозьвішча было Вітко) і сказаў: “Усе нашы людзі, і я ў першую чаргу, у пояс кланяемся і Цётцы, і вам, і ўсім беларускім пісьменьнікам, бо шчыра скажу: не дакумекаў бы, рукі не дайшлі б навесьці парадак у вёсках, адрамантаваць хаты і платы, увогуле глянуць на сябе крытычна наконт культуры”. Я бачыў шчырае задавальненьне ў вачах Васіля Уладзіміравіча – нямарна прапалі нашыя высілкі па арганізацыі сьвята, шматлікія паездкі ў Шчучын, Астрыну, па прылеглых вёсках, на магілу Цёткі, дзе ўсё прыводзілі ў парадак, зьбівалі з дошак эстраду, устанаўлівалі лаўкі і ларкі... Нават тое, што ў тыя часы толькі на Гарадзеншчыне дарожныя знакі, назвы населеных пунктаў выконваліся па-беларуску, быў вынік і нашых з ім паездак, і частых прыездаў да нас менскіх пісьменьнікаў. (...)
Калі воляю лёсу мы з Быкавым аказаліся суседзямі, то ў яго адпала ўсялякая патрэба званіць мне на работу, сустракаць на шляху з работы, калі спатрэбіцца нешта абгаварыць. Званіў вечарком дадому, падымаўся да мяне ці я
спускаўся двумя паверхамі ніжэй да яго альбо дамаўляліся пагуляць па старажытных вузкіх вулічках – ён вельмі любіў і гэтыя вулічкі, і вячэрнія прагулкі па іх. Колькі гаворана-перагаворана пад час гэтых прагулак па амаль бязлюдных
старых вулічках! Многае забылася, многае прыпамінаецца зусім сьвежа, з усімі характэрнымі інтанацыямі ягонага голасу. Я ніколі не запісваў, ня вёў ніякіх дзёньнікаў – і, што тычыцца стасункаў з Быкавым, ня надта шкадую, бо ўсё
гэта было б ня надта вялікім адкрыцьцём, ня надта значным дадаткам да таго, чым ён жыў, якія жыцьцёвыя, маральныя, палітычныя, літаратурна-эстэтычныя праблемы яго хвалявалі: усё гэта ёсьць у ягоных мастацкіх творах, грунтоўнай публіцыстыцы, якая дзякаваць Богу выдадзеная ў некалькіх кніжках, і нарэшце – у ягонай мемуарнай кнізе.
Васіль Уладзіміравіч ніколі не гаварыў, над чым канктэтна працуе, баючыся сурочыць. У нейкай меры ён быў не свабодны ад пэўных сялянскіх прымхаў і забабонаў. А што тычыцца рэлігіі – ня быў ні пасьлядоўным прыхільнікам нейкай
адной канфесіі, ні заўзятым вернікам, ні актыўным атэістам – Бог жыў у ягонай душы. З ім іншы раз рабіліся незразумелыя, сапраўды нейкія містычныя рэчы. Прыгадаю ўсяго адну, злавесны сэнс якой высьветліўся толькі пасьля... Васіль Уладзіміравіч ня раз расказваў: амаль заўсёды, едучы за рулём на Вушачы ці з Вушачаў, ля Бараўлянаў з ягонай машынай нешта здаралася – ці матор пойдзе ўразнос, бы нейкая нячыстая сіла раптам пасялілася ў карбюратары, ці наадварот – глухне і ні з месца. Варта адбуксіраваць з кіламетр – і ўсё ў парадку. Ён меркаваў, што ля Бараўлянаў з ім нешта мусіць здарыцца – магчыма якая аўтааварыя... Мо гэта яму падаваў сігнал ягоны знак бяды – хто ведае, бо менавіта ў Бараўлянах закончыўся ягоны жыцьцёвы шлях... Але пра некаторыя свае планы і задумы Васіль Уладзіміравіч гаварыў ахвотна. Многія з іх ён рэалізаваў, іншыя так і засталіся задумамі. Ён неяк казаў мне, што
ўсе гэтыя гады пасьля вайны яго глыжэ маральны абавязак напісаць страшную рэч, у цэнтры якой коні на вайне: чалавек можа схавацца, закапацца ў зямлю, а яны з паадрыванымі нагамі, вывернутымі кішкамі з жахам і дакорам у вачах не адпускаюць ягоную памяць, як кашмары. Не пасьпеў. Ён яшчэ ў Гродне зьбіраўся напісаць аповесьць на сучасную экалагічную тэму, але яна яму ніяк не давалася – чэпка трымала ваенная тэма. Ён прапанаваў мне распрацаваны сюжэт і герояў, запэўніваў, што ў мяне атрымаецца. Я не сьпяшаўся брацца, упэўнены, што рана ці позна, а ён, калі можна так сказаць, выдыхнецца на тэме, адыйдзе ад вайны, сам напіша. Ён адчуваў, ужо тады рабіў крокі, каб трохі адыйсьці ад вайны, але завязваліся ўсё новыя і новыя вузельчыкі, разьвязаць якія ніхто, апроч яго, Быкава, ня мог...
Думаю, варта сказаць пра гарадзенскія кватэры Васіля Быкава, асабліва пра апошнюю, пра якую і вусна, і ў друку нагаворана шмат рознага глупства кшталту: то быццам Быкаў не хацеў яе атрымліваць, яго ледзь ці ня сілком усялілі, каб узяць на кручок, зрабіць ручным і паслухмяным, то – наадварот, нібыта распанеў, прадаўся за шыкоўныя пакоі і г.д.. Гэтая лухта ня вартая была б і выпісанай з ручкі пасты, калі б гісторыя з апошняй гарадзенскай кватэрай Быкава не была павучальнай у сэнсе стаўленьня ўладаў да людзей, што зьяўляюцца гонарам нацыі. Я добра ведаю, што задумвалася і што адбылося з гэтым элітным домам. А задумвалася пабудаваць яго і пасяліць тут усё абласное кіраўніцтва, як гэта здавён рабілі ў Маскве. Праектную дакументацыю здабылі ў Зорным гарадку, дзе на той час было некалькі такіх дамоў для касманаўтаў. “Пасадзілі” касьмічны дом на амаль тупіковай вуліцы Парыжскай камуны ў гістарычным цэнтры, сярод старых прысадаў, на самай высокай у горадзе маляўнічай кручы Нёмана. То было нават па сёньняшніх мерках раскошнае жытло: чатырохпакаёўка – 125 квадратных метраў, ізаляваныя пакоі разьмешчаныя так, што ўвесь дзень не хаваецца сонца, і кожны мае выхад на сваю аўтаномную вялізную лоджыю і г.д. і да т.п., як два туалеты, васемнаццаціквадратнаметровая кухня, на сем квадратаў ванны пакой, агромісты калідор са складной сьценкай у залу – можна любую ўрачыстасьць на персонаў сто спраўляць, убудаваныя ў сьцены шафы і шкапчыкі, нават для вудаў прадугледжана месца. Такога ў Гродне ніхто яшчэ ня бачыў і, натуральна сярод начальніцкага
люду ўсчаўся вялікі ажыятаж і за тое, каб патрапіць у сьпіс абраных, і за прэстыжныя паверхі. Аднак, як толькі змрачнаватая на выгляд дзевяціпавярховая няўклюдная аграмадзіна на 24 кватэры, якую мясцовыя дасьціпнікі тут жа празвалі бункерам, кідка ўпісалася ў гарадскі ланшафт і была падрыхтавана да засяленьня, першы сакратар абкаму Кляцкоў перадумаў сам засяляцца і загадаў: паказаць усе кватэры Быкаву, якую выбера – выпісаць ордэр. А незамужнюю Вольгу Корбут усяліць у трохпакаёўку. Астатнія – аддаць тым кіруючым работнікам, хто мае рэальную патрэбу ў паляпшэньні жылёва-бытавых умоў.
Васіль Уладзіміравіч выбраў чатырохпакаёўку на чацьвёртым паверсе, мне дасталася такая ж двумя паверхамі вышэй. Дакладна ведаю, што кватэру ён ні ў кога не прасіў, заяву напісаў для праформы заднім чыслом па просьбе гаспадарнікаў, калі ордэр на засяленьне і ключы ад кватэры былі ў ягонай кішэні. Ён быў рады атрымаць прасторнае жыльлё, і перш за ўсё таму, што рашаліся ўсе праблемы з ягонай вялізнай бібліятэкай, бо невялічкая кватэра па вуліцы Сьвярдлова ўжо стала нагадваць кніжны склад. І канечне ж, хто ня хоча пажыць па-людску, калі ёсьць такая магчымасьць і калі па вялікім рахунку ты гэта заслужыў? Будаўнічыя недаробкі былі звычайнай і натуральнай зьявай, нават на абкамаўскіх аб’ектах. Гэта сёньня, маючы грошы, можна наняць любую рамонтна-будаўнічую брыгаду, якая зробіць хутка і якасна ўсё, што твая душа пажадае. Грошы ў Быкава тады былі, але не было будматэрыялаў і людзей, якія ўзяліся б усё зрабіць па-людску. Даводзілася даводзіць да ладу сваімі рукамі – бегаць па магазінах, даставаць фарбы, лак, клей, нават крэйду і замазку. Як знаёмыя і блізкія суседзі мы па колькі разоў на дні сыходзіліся, раіліся, кааперыраваліся. Засьведчу толькі, што абсталёўваў сваё новае жытло ён з любоўю, вялікім імпэтам, разважлівай сялянскай самавітасьцю. У адрозгненьне ад сваёй гарадзенскай дачы, якую цярпець ня мог. Ды і да менскай, здаецца, ня меў вялікай любові...