Потым яна дала яму ў рукі патсігар, што прыкідваўся жалезным акладам для кнігі вершаў. Зрэшты, цыгарэты таксама можна было ўсім знайсці, калі націснуць незаўважную кнопачку.
— Вось гэта, — Юлія падчапіла ногцем бліскучы завіток, і выехала бясшумна аддзяленне з дзесяццю тонкімі жаночымі цыгарэткамі, — дзед падарыў цётцы Аліне, а яна пакруціла ў руках і чмыхнула, што не чытае вершаў. Ён раззлаваўся і адабраў падарунак. Ён быў строгі, мой дзед, — прамовіла Юлія з незразумелай інтанацыяй.
— А гэты караблік насамрэч — сальніца. Гэта просценькая рэч, калісьці такія ставілі на стол, пазначаючы месца гаспадара дома. Калі дзядуля знік, бабуля прыбрала брыганціну за шкло. Абыходзімся звычайнымі, парцаляванымі сальніцамі. — А вось, — яна дастала з шафы вялікі срэбны мандарын, абцерла з яго пыл, — бабуліна ўлюбёная разламашка, адна з самых старых. Гэту штуковіну дзед ёй падарыў у дзень іх змовін. Усярэдзіне ляжалі пярсцёнкі. Бабуля часам адкрывае яе і журыцца.
— Было б выдатна пакласці ўнутр што-небудзь, — летуценна сказаў Антон. — Зрабіць тваёй бабулі сюрпрыз. Яна адкрые і — узрадуецца.
— Так, гэта было б пацешна, — пагадзілася Юлія, хіхікнуўшы. — Вось старушэнцыя здзівілася б. Вырашыла б, што дзядуля ёй з таго свету прывітанні шле.
Раптам Юлія кінулася да дзвярэй, пагасіла святло і зноў схапіла Антона за руку.
— Хтосьці ідзе! Хавай хутчэй разламашку!
Не паспеўшы сцяміць, Антон сунуў мандарынку ў кішэню.
***
Ён сядзеў на ложку, трымаў разламашку ў руках і адчуваў сябе сапраўдным злачынцам. Як там казала Юлія? «Адны з глуздоў з’язджаюць, другія трапляюць у турму за спробу крадзяжу з узломам». Яму і ўзлом рабіць не давялося, абышоўся крадзяжом на даверы. Нядобра, брыдка атрымалася. Трэба знайсці момант, пракрасціся і пакласці на месца. Адно цешыць: мяркуючы па колькасці пылу, мадам Люфт рэдка зазірае ў сваю скарбніцу, значыць, час ёсць.
Мандарын паступова награваўся, пераймаючы цяпло ад далоняў, Антон задуменна круціў яго так і гэтак, і ў нейкае імгненне разламашка нібы ажыла і з ціхім звонам расчынілася — не на дзве часткі, як чакаў Антон, а нібы кветка, на шэсць пялёсткаў. Так, больш трапны футарал для заручальнага пярсцёнка не прыдумаць. Можна было б і цяпер пакласці ўнутр якую-небудзь каштоўнасць, але ў Антона нічога не мелася. Ды і добра, кветка ці цукерка таксама падыдуць, бо галоўнае — неспадзеўка, галоўнае — запоўніць пустэчу. Хаця... Гэта будзе ўсяго толькі запоўненая пустэча цацачнага мандарына. А жыццё мадам Люфт так і застанецца пустым без каханага чалавека. Антон уздыхнуў і паспрабаваў сябе пераканаць, што зусім не пустое жыццё чалавека, у якога поўны дом дзяцей і ўнукаў, ды яшчэ шыкоўная калекцыя разламашак прыхавана ў спальні. Але ў глыбіні душы скробся сумнеў, ці перавешвае ўсё гэта адсутнасць таго адзінага і самага галоўнага чалавека. Антон пакуль не ведаў гэтага, ён проста тэарэтызаваў.
Сунуўшы разламашку ў верхнюю шуфляду тумбачкі, ён загасіў лямпу і лёг спаць. У доме стаяла цішыня. Ён пазяхнуў і падумаў пра тое, што пакой Юліі на іншым канцы калідора. І раптам цяпер бабуля пільнуе ў засадзе, са стрэльбай напе равес, чакаючы, калі жаніх адправіцца ў госці да нявесты. Вось дык строгія норавы ў гэтай сям’і. Цяпер рэдка такое сустрэнеш.
Ён ужо амаль заснуў, калі знадворку штосьці глуха бомкнулася аб зямлю. Антон здрыгануўся. Што за шум? Падкраўшыся да акна, ён убачыў цень у садзе. Нехта невядомы імкліва наблізіўся да дома і ўлез у акно першага паверха. Антон вырашыў бы, што ўсё яму здалося, калі б цень не выдаваў пры хадзе ледзь чутны шум. Але хто гэта? Няўжо таемны палюбоўнік цёткі Аліны? А можа, рабаўнік? Паляўнічы на разламашкі? Раптам ён ужо ў бабуліным пакоі? Няшчасная старая звязана па руках і нагах, а рабаўнік шпурляе ў мяшок каштоўныя рэчы.
Пры думцы, што разламашкі ў небяспецы, сэрца Антона забілася моцна і хутка. Як быў, у піжаме і босы, ён выскачыў у калідор і паспеў заўважыць, як грувасткая постаць шаснула ў суседнія з ім дзверы. Хм, цікава, чый гэта пакой, падумаў Антон і тут жа абарваў сябе: ты прыехаў сюды разламашкі вывучаць ці ў чужой бялізне капацца?
***
Антон спаў, і яму сніўся майстар Люфт: сівы, дабрачынны дзядок у чорнай аксамітавай камізэльцы. Яны сядзелі побач за варштатам і майстравалі вятрак, які адначасова быў кавамолкай. Крылы былі пафарбаваны яркай жоўтай фарбай. Круціш ручку — і зерне мелецца ўсярэдзіне, а крылы трашчаць ды круцяцца. Антон казаў, што крылы павінны круціцца па гадзіннікавай стрэлцы, а майстар Люфт пярэчыў: — Хіба ты не ведаеш, што ветракі заўсёды круцяцца супраць гадзіннікавай стрэлкі? Гэта няпісаны закон!
— Ды што вы разумееце! — пырснуў Антон. — І наогул, вы памерлі, вось і маўчыце сабе!
— Гэта я памёр? — закрычаў майстар Люфт і выцяў Антона кавамолкай па галаве.
Антон прачнуўся, з крыкам схапіўшыся за галаву.
Перад ім стаяла Юлія з газетай у руках.
— Хіба балюча газетай? — спытала яна вінавата. — Ты не прачынаўся і не прачынаўся! А як можна спаць у такі момант?!
— У які? — спытаў Антон з’едліва. — Любячая нявеста забівае жаніха згорнутай газетай, выпадкова прыняўшы яго за камара?
— Табе ўсё жартачкі, — Юлія адкінула газету, — а ў бабулі знік самы дарагі і рэдкі экзэмпляр калекцыі! Яго выкралі ўчора, пакуль мы вячэралі. Ты не заўважыў, ці выходзіў хто-небудзь з-за стала? Я так надралася шампанскага, што нічога не памятаю, абсалютна, — яна ўзялася за галаву і застагнала.
— Жах ды і толькі! — сказаў Антон. — Трэба неадкладна выклікаць паліцыю і ачапіць дом! Магчыма, рабаўнік яшчэ не паспеў збегчы!
— Паліцыя ўжо едзе, — кіўнула Юлія.
Ён усміхнуўся і адправіўся ў ванную.
Юлія, камечачы хустачку, так і сядзела на ложку, пакуль ён прымаў душ і апранаўся. Разам яны спусціліся ў сталовую, дзе заспелі цётку Аліну з цыгарэткай у зубах і ўскудлачанага дзядзьку Карла, які спрабаваў адвёрткай адчыніць бар.
— Усё ў іх эканоміцца, — мармытаў ён, — усё у іх на ключ замкнута.
— Ты б адразу ахнуў дынамітам, — з’едліва сказала цётка Аліна. — Навошта разменьвацца на дробязі. Давай, праяві смеласць.
— Цябе аптэкару трэба здаць, — працадзіў скрозь зубы дзядзька Карл. — Яд у цябе выдатны. Чым уядаць, лепш бы з’ездзіла ў краму ды купіла мне лекі.
— Каб я табе за выпіўкай ездзіла? — цётка Аліна тузанула плячом. — Знайшоў пабягушку.
— Як у горле перасохла, — з нудой сказала Юлія. — Антоша, паспрабуй ты, у цябе рука лёгкая.
І яму ўручылі адвёртку. Замочная шчыліна не ўпершыню падвяргалася падобнаму нападу, яна ўся была падрапана. Мабыць, смага даймала тутэйшых жыхароў рэгулярна, і гэтак жа рэгулярна з гэтай смагай хтосьці змагаўся. За гэты час можна было ўжо зрабіць васковы злепак і абзавесціся ўласным ключыкам.
Але, мабыць, жыхары гэтага дома вылучаліся непрактычнасцю і адсутнасцю кемлівасці.
— У каго-небудзь ёсць невідзімка? — спытаў Антон. Дамы пакруцілі хораша прычасанымі галовамі.
— Можа, гэта падыдзе? — і дзядзька Карл працягнуў гальштучную шпільку. І гэта падышло. У Антона, сапраўды, былі лёгкія рукі. Гэтыя рукі выцягвалі патрэбны білет на іспыце, завязвалі гальштук віндзорскім вузлом, будавалі самыя ўстойлівыя картачныя домікі. Але ён спадзяваўся, што рукі спатрэбяцца яму ў вырабе арыгінальных, складаных, вытанчаных разламашак. А замест гэтага ўжо другі раз за суткі даводзілася прымерыць касцюм злодзея. Так, на дзіўныя ўчынкі штурхалі яго жыхары гэтага дома.
Калі ўсе выпівалі здабыты віскі, у сталовую спусцілася бабуля, у хатняй сукенцы і з жалобнай аксаміткай на шыі.
— Бабуля, ты хіба не едзеш на рынак за спаржай? — спытала Юлія.
— Які ўжо тут рынак, — адказала бабуля. — Мне цяпер не спаржы хочацца, а атруты выпіць, каб толькі не думаць пра тое, што здарылася.
— Аліна, атрута — гэта па тваёй частцы, — заўважыў дзядзька Карл, неўзаметку прыбіраючы за спіну шклянку і бутэльку. Яго жонка чмыхнула, але прамаўчала.
Усе селі за стол. Цётка Клара ўнесла глыбокае блюда з аўсянкай і пачала раскладваць кашу па талерках. У гэты момант спусцілася зверху Кіра.
— Ізноў спазняешся да сняданне, — упікнула яе Аліна.
Твар у Кіры быў бледны і рашучы. Напэўна, маці зноў адчытала яе за што-небудзь, падумаў Антон. Дзяўчынка чамусьці падабалася яму, хоць яшчэ ні разу ён не бачыў усмешкі на яе тварыку.
— Якое гора, якое гора, — прагаварыла бабуля, прыціскаючы хустачку да вачэй. — Вы чулі, Антон, пра наша няшчасце?
— Няшчасце? — перапытаў ён.
— Выкрадзена самая каштоўная разламашка, — дрыготкім голасам прамовіла бабуля. — Верагодна, гэта здарылася ўвечары, калі мы былі захоплены вячэрай і гутаркай. Вядома, вам не зразумець усяго трагізму сітуацыі, вы ж ніколі не бачылі разламашак, не ведаеце ім кошту.
Антон машынальна ківаў, усё яшчэ не верачы ў сур’ёзнасць таго, што адбываецца.
— Я ўжо выклікала паліцыю, яны будуць з хвіліны на хвіліну, — сказала бабуля, паглядзеўшы на кішэнны гадзіннік, і Антон ледзь не падавіўся аўсянкай. Тут жа, ва ўнісон яго кашлю, загрукаў дзвярны малаток.