На наша няшчасце, там два хлопцы секлі лапнік для саду. Былыя дзядзькавы вучні, і мяне памятаюць па выступленні. Сказалі, што зайца таго яны стукам сякер спудзілі, і ён пайшоў цераз дарогу на Старое Сяло. Цьху!
Зноў пайшлі па слядах, і сляды тыя загубіліся ў руні. Нічога не забілі. І дзякуй богу, што не забілі. З кожным годам гэта цяжэй. Але такога шчасця, як ад гэтай хады – ніколі не было.
Асабліва як на хвіліну прабілася сонца, і на руні паасобныя расінкі зазіхацелі аранжава-блакітным, быццам калолі вочы.
Ішлі назад. Знайшлі ля слупа зусім свежую гусцёрку. Відаць, варона занесла, ды й кінула, успуджаная. Ясна, глушаць. Кожны дзень гучаць выбухі. Усё начальнічкі. Скудзее, нямее рака.
Прыйшоў дадому. Пасля абеду скончыў эсэ, панёс і адправіў яго з паштамта. Да вячэры прыйшоў Сяргей Мікітавіч Гансоўскі. Гаварылі аб паляванні, аб тым, як тыдзень перад паляўнічым сезонам жылі ў лугах, як лавілі браканьераў і як была гісторыя з Русецкім, стрыечным братам нашага і поўнай ягонай процілегласцю, і Тарасевічам з ЦК.
Цяпер вось ён пайшоў. Галя і мама цэлы дзень важдаліся на кухні: фарш для піражкоў з грыбамі, заліўная сяўруга, трусік з буракамі па-беларуску, смажаная па-рагачоўску гусь і г.д. Нават я круціў хрэн. Вось яны скончылі. Галя яшчэ дамывае падлогу. А я дапісваю гэта. Ноч. Палова адзінаццатай. Буду класціся, заўтра пастараюся да абеду папрацаваць.
12 лістапада. Пятніца
Вось зноў амаль тыдзень не пісаў. Спачатку з-за гулянак, пасля – праца прыціснула.
7-га з раніцы чытаў. Пасля прыйшлі Гансоўскія, Клятэцкія, Машчанкі, і пачаўся “абед сілен”. Акрамя вышэйпамянёнага яшчэ марынаваная рыба, марынаваныя ігрушы, агуркі, сыр, вэнджаная каўбаса. Танцавалі. Выпілі моцна.
Ад колькасці з’едзенага ахапіў нас нейкі вясёлы адчай, азарт ці чорт яго ведае што. Пайшлі яшчэ да Клятэцкага і там напалі на вэнджанага ляшча, ікру і іншае.
8-га былі ў Гансоўскіх, у доме, які памятаю з чатырох, а можа, і з двох год. Прыбудова, дзе жыў на кватэры дзед, калі выкінулі з уласнай хаты, вядома, згарэла ў вайну ў печцы, на яе месцы сад. А галоўны пакой так і застаўся, аброс яшчэ пакойчыкамі.
Самай старой частцы будынка сто год. Калі дзед дзеда паставіў яго – тут яшчэ ніхто не сяліўся. Толькі могілкі былі побач. І ўжо куды пазней узнік на пустэчы, на “Новых Планах Грынкевіча”, дом, дзе зараз сяджу я. І зноў вакол не было нікога.
Выпілі і ў тых. Я аж здзівіўся, якое мора я магу выпіць. І нічога, ніякіх амаль вынікаў. Спявалі. Галін голас – дзіва. Каб не пасляваенныя абставіны – мелі б спявачку вышэйшага класа. Не магу нават вызначыць, які ён. Дыскант-сапрана, ці што. Моцны неверагодна, але гнуткі і мяккі, душэўны. Спявае – “преображается”, і з ёю ўсе, хто слухаюць і падпяваюць. <…>
Дзявятага чытаў, трохі пісаў, але нешта не лезла праца ў рукі. Паліў кацёл, Рома [25] чытаў. Стакрот згодзен з ім, што не цікава ў кіно тое, што адбываецца, усе гэтыя пагоні, стрэлы, увесь гэты “жалезны” сюжэтны каркас, за [якім] нічога не стаіць. Сапраўды, проста гледачу трэба паўтары гадзіны пабыць з разумнымі цікавымі людзьмі, пазнаёміцца з імі, і каб яны “гаварылі са мной аб вось гэтым і вось гэтым”.
Нецікава ўжо, што здарылася. А ад мяне патрабуюць менавіта гэтага. І таму не трэба больш нічога рабіць для кіно.
Даўно не бачыў старога. Трэба будзе напісаць. Гадзіны, што з ім правёў, адны з добрых гадзін майго жыцця. А “Звычайны фашызм” [26] толькі падмацаваў мяне ў думках аб фільме-роздуме. Вось гэта тое, што трэба. Праблемы, якія мучаюць нас, іронія, сарказм і гнеў, дабрыня, сотні паралеляў. Нездарма на праглядзе ў студыі сям-там аўдыторыя выбухала амаль гнеўным рогатам і апладысментамі.
Дзясятага працаваў, зрабіўшы перарыў толькі для цырульні, і адзінаццатага працаваў. Пад вечар узяў страшэнна цяжкі сак і пайшоў пад Рыжковіцу. Празрыстасць і апошні сум. Пароша выпала, і сцежкі так і засталіся ў белых крупах.
Грыфельная або лепей абсідыянавая рака, рыжыя хмызы на тым баку, жоўтыя паплавы, а далей, пад Шчыбрынам, дзе апошнія прамяні сонца – і паплавы, і ўся зямля пяшчотна аранжавыя.
Лавіў ваўсю (сёння аж баляць рукі, плечы і бакі), але не спаймаў нічога, акрамя глею і кавалкаў дубу. Значыць, рыба пайшла ўжо ў віры, значыць, да будучай вясны, рыба.
Сутанела. Патыхала холадам. Разняў сак, скруціў і доўга стаяў. Толькі тут заўважыў, што агні яшчэ запальваюць на берагавых знаках. Слабыя, вельмі сірочыя і самотныя ў гэтым змроку, не такія, як улетку.
Вечарам напісаў верш аб каравелах. Успомнілася чамусьці Навелка Мацвеева [27] з вечнай марай аб Дэльфініі, вымушаная жыць у студнях-дварах. Паважаў і любіў яе вельмі, хаця яна і бзікаватая трохі. Ды гэта ўжо ўсе так.
Калі я здолею кінуць усю спешку, працу, халтуру, заперціся недзе ў Каралішчавічах, ці ў Белавежы, ці тут ды пісаць вершы?
Сёння цэлы дзень працаваў. Не хочацца працаваць, калі не верыш у патрэбнасць працы, калі рабіў бы яе па-іншаму, а тут соты раз чаўпеш тое самае. Дайшоў да 87-й стар. сцэнарыя. У нядзелю скончу, а добра было б – заўтра. Тады яшчэ кароткаметражку напісаў бы і падумаў аб плане Хрыста-аповесці, як змяніць другую палову.
Баюся, што сцэнарам і да аповесці смак сапсуў. А як бы напісаў без яго: з рогатам, слязьмі, думкамі. Эх… Добра, што ціха, што ніхто не звоніць, што круг ад лямпы падае на паперу. І на тым дзякуй.
14 лістапада. Нядзеля
Пазаўчора ўначы напісаў яшчэ “Каложу”. А ўчора ўстаў і ўбачыў на вокнах марозныя тропікі, а за акном – малады неглыбокі снег. Часткова менавіта гэты снег разбіў мне дзень.
Узяў і пайшоў у горад. Мароз, сонца гуляе ў снезе. Дарогаю ўбачыў хлопца на пагрузачнай машыне. Той думаў, як яму закаціць на яе рыдлёўку валун (дзеці “гулялі”, выкочвалі яго на дарогу, і ўжо мы з дзядзькам аднойчы адкацілі яго з асфальту).
Папляваў на рукі, закацілі камень, і шафёр паехаў паўз мяне, несучы яго, як клёцку на лыжцы.
Снег рыпіць, цёпла ад марозу, дрэвы, будынкі асветлены сонцам. Купіў паперы, папярос, кавы і вярнуўся дамоў.
Сеў за “Хрыста”. І зноў зрыў. Маці ўхітрылася спусціць кацёл. З непрывычкі, вядома. Шураваў, выкінуў попел і вугаль, зноў заклаў дроваў – і аж загуло. Зноў забіты час.
Тады сеў і як націснуў, дык да вячэры амаль скончыў, а пасля вячэры такі дабіў. Сёння толькі прагледжу ды, можа, скарачу. Аж лягчэй на душы.
Увечары прыйшлі старыя Гансоўскія. Дзед казаў, што заберагі на Дняпры вялікія, а пад мастом лёд лёг ужо таксама мастом.
Вечарам пачаў “Баладу аб звязаных і аб чалавечым “Даруй”. Не дапісаў і, упершыню за многія месяцы, да трох гадзін качаўся ў бяссонні. Сёння затое да дзевяцёх спаў і праспаў прыход Клятэцкага. А той дзядзьку ўгаварыў ісці на паляванне. І пайшлі яны ў шэры дзень і мароз аж пад Азярышча. Толькі вось вярнуўся, чырвоны і трохі на падпітку. Зайшлі да Васіля Кірэйшына, да бакеншчыка, і там трохі ўзялі.
Аб паляванні не шкадую. Збегаю сёння на Дняпро, пагляджу, як стыне. Не пайшоў, затое за ранак скончыў “Баладу”. Зараз сяду яшчэ за сцэнар, а вечарам, магчыма, накідаю план “Памяці” [28]. Так і не здолеў за гэты час у Рагачове накідаць план “Стужкі”, “Тараса на Парнасе” і аповесці аб “Хрысце”. Нічога, дараблю ў Мінску.
Паслязаўтра, відаць, паедзем. І трэба ехаць, і нічога асабліва цікавага тут узімку не будзе (гэта не летнія ловы на Дняпры), і, у той жа час, шкада рабочага настрою, які ў Мінску абавязкова сапсуюць.
15 лістапада. Панядзелак
Цярпець не магу двурушнікаў. І ўвогуле, і, асабліва, у гісторыі. Сённяшні – ён на далоні, а гісторык – спаймай яго: думаю так – і ўсё. Тут адзіны выхад – біць па сумленні, калі яно не дужа яшчэ скамянела.
На абмеркаванні дакладу Зайцава нейкі вучоны з яўрэяў выступіў і пачаў гаварыць нешта аб прагрэсіўнасці Расіі ў параўнанні з Заходняй Еўропай, прычым ледзь не з Гастамыславых часоў (між тым як і там, і там было сярэднявечча). І гэта ў той час, як у той жа Польшчы была хаця і шляхецкая, але дэмакратыя, а ў княстве Маскоўскім “подвизался” Ванька Крывавы з апрычнікамі. І ў гэтым, між іншым, была прычына, чаму спрэс праваслаўныя магнацкія роды Беларусі спачатку пацягнуліся прэч, пасля да Польшчы, а пасля, вядома (хто кароль, таго і вера), у каталіцтва. Лепей чужая вера, лепей да д’ябла, чым удзельнічаць у разгуле забойстваў, падазронасці і беззаконня (праўдзівей, парадку, калі закон – воля аднаго), удзельнічаць у тым дзікім Сораме, які зваўся Маскоўскім царствам. Гэта не зусім мая думка, але гэта верная думка.
“Іван малайчына. Ён, урэшце, зразумеў, што апрычніна – зло, і адмяніў яе, а апрычнікаў перабіў”. Лухта! Проста пачаў баяцца, ды й справу сваю яны зрабілі. Гэта з’явы аднаго парадку, што і разня штурмавікоў, якую ўчыніў Гітлер. І ўвогуле, магчыма, Іван – гэта Гітлер XVI стагоддзя. Адзін бараніў нованароджаны клас дваран, другі – усім вядома каго. Часы былі розныя, маштабы – таксама, але дзікае самавольства было аднолькавае і рабілася ў імя эліты, якая трымалася ліхаманкава за ўладу, дарваўшыся да салодкага жыцця. Паралеляў у гісторыі сотні, а імёны забітых “ты, господи, веси”.