MyBooks.club
Все категории

Дэпэш Мод - Жадан Сергей

На сайте mybooks.club вы можете бесплатно читать книги онлайн без регистрации, включая Дэпэш Мод - Жадан Сергей. Жанр: Контркультура . Доступна полная версия книги с кратким содержанием для предварительного ознакомления, аннотацией (предисловием), рецензиями от других читателей и их экспертным мнением.
Кроме того, на сайте mybooks.club вы найдете множество новинок, которые стоит прочитать.

Название:
Дэпэш Мод
Дата добавления:
17 сентябрь 2020
Количество просмотров:
188
Читать онлайн
Дэпэш Мод - Жадан Сергей

Дэпэш Мод - Жадан Сергей краткое содержание

Дэпэш Мод - Жадан Сергей - описание и краткое содержание, автор Жадан Сергей, читайте бесплатно онлайн на сайте электронной библиотеки mybooks.club

Дэпэш Мод читать онлайн бесплатно

Дэпэш Мод - читать книгу онлайн бесплатно, автор Жадан Сергей

Празь некалькі сэктараў, зьлева ад іх, пад цяжкім чэрвеньскім дажджом, стаяць фанаты суперніка. Іх некалькі дзясяткаў, яны прыехалі зранку на вакзал і за імі цэлы дзень цягаецца некалькі патрулёў, на стадыёне ім адвялі асобны сэктар, у якім яны сумна махаюць размоклымі і разбухлымі сьцягамі. Яшчэ да перапынку нашыя, незадаволеныя вынікам і надвор’ем, прарываюць кардон і пачынаюць іх біць. Зьнізу, ад поля, падцягваецца рота курсантаў-пажарнікаў, міліцыя, зрэшты, не прыдумвае нічога лепшага, як выпхаць усіх са стадыёну, і пачынае адцясьняць народ да выхаду, пакуль яшчэ ідзе першы тайм; усе, ясная рэч, забываюцца на футбол і пачынаюць хварэць за нашых на трыбунах, каманды таксама больш пераймаюцца бойкай, чым вынікам, цікава ўсё ж такі, непрадбачана, тут на полі і так усё было зразумела – хтосьці пад канец абавязкова гульню салье, а там – бач ты, нейкая барацьба, зусім табе рэгбі, вунь і пажарныя па галаве ўжо атрымалі, а тут і тайм заканчваецца, і каманды неахвотна цягнуцца ў тунэль, міліцыя выносіць апошніх гастралёраў, таму, калі гульня аднаўляецца, сэктар пусты ўжо. Толькі растаптаныя і разарваныя сьцягі, нібы фашысцкія штандары на чырвонай плошчы, сьцяжэла ляжаць у лужынах, нашыя, хто ацалеў, задаволена вяртаюцца ў свае сэктары, найбольш зацятыя і прынцыповыя заўзятары едуць на вакзал – адлоўліваць тых, хто будзе вяртацца дадому; і тут, недзе на пятнаццатай хвіліне другога тайму, на трыбуны забягае яшчэ адзін гастралёр – зусім юны чувак, раскудлачаны і намоклы, дзе ён быў дагэтуль – невядома, але вось ён ужо дакладна ўсё найцікавейшае прапусьціў, ён убягае і бачыць сьляды пабоішча і рваныя сьцягі сваёй каманды і нікога зь сяброў; дзе нашы? – крычыць ён, азірнуўшыся на прыціхлыя трыбуны, эй, дзе ўсе нашы?! – і ніхто яму нічога ня можа адказаць, шкада чувака, нават ультрасы замоўклі, абарвалі сваё працяглае «судзьдзя – підарас», глядзяць сарамліва на гастралёра, няёмка перад чуваком, сапраўды – неяк непрыгожа выйшла, і чувак глядзіць зьнізу на заціхлыя сэктары і глядзіць на мокрае поле, на якім месяць гаць каманды, і глядзіць у халоднае і маларухомае неба і ня можа зразумець – што адбылося, дзе пацаны, што гэтыя клоўны зь імі зрабілі, і падбірае пагнутую піянерскую трубу ,у якую да гэтага дзьмуў нехта зь яго палеглых сяброў, і раптам пачынае пранізьліва сьвісьцець у яе, плаксіва і роспачна, так што аж усе афігелі – трэба ж так, сьвісьціць, адвярнуўшыся і ад поля, і ад ультрасаў, і ад прыціхлых і прысаромленых пажарных, сьвісьціць нейкую сваю, толькі яму аднаму вядомую, гучную і фальшывую ноту, укладаючы ў яе ўсю сваю адвагу, усю сваю безнадзейнасьць, усю сваю чыста пацанскую любоў да жыцьця...

19.30

Пад самым дахам, над апошнімі радамі, сядзяць сонныя галубы, якія ўжо звыклі да паразаў нашай каманды, і сонна буркочуць, жывуць сабе, нікому не перашкаджаюць, прыкольныя мокрыя зграі, але вось Сабака слухае іх скрозь сон, яны яму зьяўляюцца ў ягонай алькагольнай прастрацыі і выцягваюць яго адтуль, ведаеце, такі дзіўны стан, калі ты адным вокам бачыш сьвятло сьпераду, а іншым, як бы гэта патлумачыць – іншым ты бачыш тое, што можна, напэўна, назваць іншым бокам сьвятла, ну, вы разумееце, адным словам, калі табе адначасова паказваюць вельмі многа, але ты ў такім стане, што ўбачыць ужо нічога ня можаш. Ды й ня хочаш. Таму Сабака спаўзае на цэмэнтную падлогу і пачынае адпаўзаць у бок праходу, трушчачы сваімі змучанымі грудзямі сланечнікавае шалупіньне, недапалкі і лятарэйныя білеты. Адпаўзае да праходу, устае на ногі і нерашуча рушыць наверх, да апошняга раду, чапляецца там за мэталічнае мацаваньне і павісае на ім зусім бязь сілаў – ня ўпасьці на трыбуну і не прыціснуць заўзятараў якіх-небудзь калі ўпадзеш трэба будзе выбачацца з кімсьці сутыкацца, штосьці гаварыць і тады ўсе адразу адчуюць як дрэнна пахне ў цябе з рота і адразу здагадаюцца што ты піў так што галоўнае ні з кім не гаварыць і ні да каго не зьвяртацца а калі ўпадзеш абавязкова з табой хто-небудзь загаворыць і не адкруцішся потым скажуць што ў цябе так з рота дрэнна пахне дакладна ўнюхаюць толькі пачнуць гаварыць нават калі адвярнуцца і гаварыць убок усё адно ўнюхаюць хіба што добра адвярнуцца і так гаварыць. што гаварыць? што трэба гаварыць каб яны не даведаліся? што я павінен сказаць? хутчэй а то заўважаць скажуць што-небудзь. што скажуць? скажуць чаму маўчыш? не крычыш? чаму я не крычу? трэба крычаць інакш яны заўважаць што ў мяне дрэнна пахне з рота скажуць што ў мяне дрэнна пахне з рота таму што я не крычу або падумаюць што я п’яны таму што я не крычу што я павінен крычаць? што я павінен крычаць? ну што я павінен крычаць? трэба запытаць у каго-небудзь трэба адвярнуцца і запытацца або адвярнуцца і закрычаць тады ніхто нічога не заўважыць усё адно не заўважаць такі шум стаіць добра я крыкну штосьці ў бок ніхто не пачуе як у мяне дрэнна пахне з рота але ўсе заўважаць што я крычу значыць я не п’яны нармальна гэта я нармальна прыдумаў толькі што крыкнуць ну што ж мне крыкнуць што яны ўсе крычаць? пра судзьдзю пра судзьдзю толькі крыкнуць убок каб не пачулі і каб не заўважылі неяк так патрэбна крыкнуць і абавязкова пра судзьдзю тады будзе нармальна – і тут наш форвард вывальваецца сам-насам з брамнікам і б’е, проста хуячыць з усяе моцы, некалькі тысяч мокрых заўзятараў заміраюць, затрымліваюць, можна сказаць, дых, і тут за іхнымі сьпінамі ў вільготнай цішыні роспачна лунае:

– Гэээээээээээээээй!!! Тыыыыыыыыыыыыыыыыыыы!!!!!!!!!!!!!!!

І мокрыя заўзятары ў бліжніх сэктарах зачаравана паварочваюць галовы і бачаць там Сабаку Паўлава, старога добрага Сабаку Паўлава, якога тут ведае кожны сабака, то бок кожны сэржант з рацыяй, ён зусім зьняможана павісае на жалезным мацаваньні, павярнуўшыся да трыбун, назавем гэта сьпінай, і працяжна вые кудысьці ў нікуды, ці як гэта назваць.

19.45

Чаму? Таму, што ты ня проста нейкі мудак, які зьмірыўся з існуючым несправядлівым станам рэчаў і са штодзённымі наёбкамі зь яго боку, таму што ты не зьбіраешся да канца сваіх дзён угрызацца ў чыёсьці горла за расфасаваную імі хаўку. Таму, што ты, у рэшце рэшт, маеш што сказаць, калі б нехта запытаў у цябе пра найгалоўнейшае, так што гэтага ўжо хопіць, думае Сабака, дакладней ён, вядома, у такім стане нічога падобнага ня думае, але каб ён мог зараз думаць, ён, мне здаецца, думаў бы менавіта так, таму ён пачынае лезьці ўгору па бэльцы, што падпірае дах, зьдзіраючы пальцамі старую зялёную фарбу і засохлае пташынае лайно, прыціскаючыся да халоднай трубы, асьцярожна цягнецца ўгору, перастаўляючы ногі па жалезнай канструкцыі, апынаецца акурат над галовамі сяржантаў, што на нейкі час забыліся на яго, над галовамі ўсіх сваіх мокрых і п’яных знаёмых, колькі іх тут ёсьць, над шчасьлівымі галовамі Вовы і Валодзі. Іх ён і пазнае і спыняецца акурат над імі, разглядае іх зьверху, думае, о, як клёва, калі працягнуць руку ўніз, можна абодвух падняць сюды, і ён цягне да іх руку і нешта ім кажа, нават не заўважаючы, як дрэнна ў яго пахне з рота.

І тут нашы закалочваюць мяч, і мокрыя горлы равуць – вау-у-у-у-у!!! – вау-у-у-у-у!!! – равуць яны, і ад гэтага рову сотні і тысячы сонных галубоў выпырхваюць са сну і вылятаюць, як снарады, са сваіх седалаў, усланых пер’ем, зямлёй і лятарэйнымі квіткамі, вылятаюць хваляй пад мокрае неба і гэтая хваля б’ецца аб Сабаку і той ня ўтрымліваецца і ляціць уніз, пралятае свае некалькі мэтраў і смачна плюхаецца на лаву, поруч з Вовам і Валодзем, тыя нарэшце згадваюць пра свайго таварыша, паварочваюцца да яго і бачаць яго побач з сабою, як і мае быць.

– О, Сабака, – крычыць Вова.

– Сабака, мы забілі, – крычыць Валодзя.

– Здорава, – гаворыць Сабака і ўсьміхаецца. Упершыню за апошнія тры дні, дарэчы.

19.50 – 8.00

Вова і Валодзя не наважваюцца паказаць свае дакумэнты, таму да шпіталізаванага Сабакі іх не пушчаюць, яны тлумачаць, што яны сябры, нават родныя, далёкія, але ўсё ж такі родныя, але ім кажуць, што такіх родных, як Сабака, саромецца трэба, і ўкладваюць яго – п’янага і соннага – на насілкі, а потым запіхваюць у хуткую, чамусьці яны ўсе думаюць, што Сабака менавіта траўмаваны, а не п’яны, гэта яго і ратуе, яго не забіваюць на месцы, як гэтага вымагаюць інструкцыі паводзінаў для сяржантаў, старшынаў і мічманаў пры гераічнай абароне спартыўных комплексаў і месцаў масавага адпачынку працоўных падчас правядзеньня там футбольных матчаў, палітычных мітынгаў ды іншых фізкультурна-асьветніцкіх шабашаў. Нейкі сэрдабольны сяржант нават падыходзіць да кіроўцы хуткай, запісвае яго каардынаты, пакідае яму свой працоўны тэлефон і загадвае неадкладна імчаць цажкапараненага Сабаку, а заўтра, калі нічога сур’ёзнага ня здарыцца, прывезьці яго залатанае цела да іх у руус для далейшых лябараторных дасьледаваньняў, там яны і высьветляць, што гэта за Гагарын наябнуўся ім на галовы. Кіроўца бярэ пад казырок, ну вы разумееце, пра што я, і хуткая зьнікае за зялёнай брамай стадыёну, разганяючы сваімі сырэнамі мокрых заўзятараў, у вясёлым віры якіх губляюцца і Вова з Валодзем – бо перамога прадугледжвае гуртаваньне і радасную калектыўную масу, салюты і зладжаны харавы сьпеў, і толькі параза, горкая асабістая параза, не прадугледжвае нічога, акрамя п’яных санітараў і апарату штучнага дыханьня, які, да таго ж, і не працуе, дакладней не – ён працуе, але ніхто ня ведае як.


Жадан Сергей читать все книги автора по порядку

Жадан Сергей - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки mybooks.club.


Дэпэш Мод отзывы

Отзывы читателей о книге Дэпэш Мод, автор: Жадан Сергей. Читайте комментарии и мнения людей о произведении.

Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*
Подтвердите что вы не робот:*
Все материалы на сайте размещаются его пользователями.
Администратор сайта не несёт ответственности за действия пользователей сайта..
Вы можете направить вашу жалобу на почту librarybook.ru@gmail.com или заполнить форму обратной связи.