- А што мне было казаць? Сказала, што прыходзiш...
- Дурнiца! - Пархомаў з прыкрасцю шпурнуў на зямлю анучу. Потым патаптаўся на месцы, узняў на яе раззлаваныя вочы. - Хiба так можна? Эх, ты!..
Яна ўраз зразумела, што ён не так, як чакала яна, паставiўся да гэтае справы, i ў жанчыны стала пуста i самотна ў душы. Страцiўшы надзею i сiлу, яна ледзьве дабрыла да свайго месца за перагародкай i ўжо не стрымлiвала роспачных слёз, што душылi яе. Побач рыпелi дзверы, хадзiлi людзi, нешта казалi, пыталiся, але яна не глядзела нi на кога, не адказвала, не слухала.
Наступiлi гаротныя днi.
Пархомаў болей да яе не прыходзiў, пазбягаў сустрэч, на працы яна часта бачыла ў акно, як прызвычаiўся ён да шафёрскай кампанii, сядзеў, курыў, размаўляў нароўнi з усiмi. Фрузыне было ад таго дужа балюча, яна па-ранейшаму iмкнулася да яго, нi ў чым не вiнiла, цяпер ужо яна папракала сама сябе, што адкрылася тады Петрачэнкаву, але фальшывiць, хлусiць, ашукваць яна не ўмела.
Ёй было вельмi пакутна ў адзiнокiя ночы ў сваiм пакойчыку - думаць, уздыхаць, успамiнаць нядаўнiя, поўныя хмельнага шчасця, днi. Часта яна зноў адчувала сябе вельмi адзiнокай, пагарджанай, ды ўжо куды мацней i нясцерпней, чым у ранейшыя разы.
I тады аказалася, што яна будзе мацi.
Спачатку Фрузына вельмi спалохалася ад тае навiны - яе ахапiў жах, калi яна прыгадала, як паставяцца да яе на рабоце, што скажуць суседзi. Ёй карцела некуды бегчы, неяк ратавацца ад той бяды, якая навiсла над ёю. Але на змену спалоху неўзабаве з'явiлася новая думка, што вельмi дзiвiла яе: у яе будзе дзiця - свая маленькая родная iстота, самая важная i самая дарагая ў жыццi. Яна прыпомнiла знаёмых суседскiх дзяцей, блiзнятак Драздовай, i неспадзявана яе ахапiла супярэчлiвая хвалюючая радасць. Яна ведала ўжо, што будзе шмат гора наперадзе, што Петрачэнкаў, бадай, не адступiцца са сваiмi нуднымi пропаведзямi, што будуць насмешкi i сорам, але ўсе гэтыя нягоды марнелi перад новай вялiкай радасцю мацярынства.
I Фрузына пакрысе супакоiлася, павесялела, яна пачала прыглядваць за сабой - у час паесцi, не заседжвацца начамi, у меру хадзiць. Са сваёй трохсотрублёвай зарплаты яна пачала ашчаджаць грошы - яны так патрэбны ёй будуць тады, як з'явiцца ён. Жанчына зноў, як калiсьцi ў шчаслiвую пару яе адносiн з Пархомавым, адчула сябе ладнай, здольнай, разумнай, такой, як i ўсе задаволеныя жыццём людзi. Пра свой новы стан яна не сказала нiкому, як мага глыбей тоячы свае надзеi. Яе цяпер вельмi цiкавiлi дзецi, i яна часта, iдучы дадому, спынялася дзе ў скверы i падоўгу пазiрала на малых карапузаў у калясках, на дарожках, на руках мацi.
Так iшоў час, i надышла пара, калi людзi пачалi прыкмячаць перамены ў яе аблiччы. Неяк у час зменкi Драздова ўважлiва, з падазронасцю паглядзела на яе закруглелы жывот i з заўсягдашняй грубаватай праматой, уласцiвай гэтай жанчыне, спытала:
- Што гэта ты растаўсцела? Цi не дзiцёнак? Фрузына сканфузiлася, затулiла далонямi жывот, але хiба можна было ўтаiць тое, што адбывалася ў ёй? I, зразумеўшы гэта, яна ўсмiхнулася са стрыманай шчырай радасцю ў вачах i паведамiла, як найвялiкшую сваю таямнiцу:
- Ага, дзiцёначак.
- Ах, каб ты правалiлася! - са знарочыстай злосцю загаманiла Драздова. Што ж гэта ты дапусцiла сябе, не ў час агледзелася? Трэба ж было раней, цяпер жа можна i нядорага... Ах, каб цябе!..
- Навошта? - зразумеўшы, пра што кажа жанчына, сказала яна. - Хай.
- Хай?! - здзiвiлася тая. - Вось дык гунора! Хай! Што ты сабе думает, баба? Як жа так можна? Не замужам i хай! Ты думаеш, гэта што - дзiця? Гэта катарга, жызнi сваёй няўзлюбiш, свет праклянеш! Гэта ты ненавучаная, вядома. А я ўжо шасцярых вырадзiла, хай iм дно з прарэхай - дзецям гэтым. Праз iх да часу ў магiлу ляжаш...
Фрузына маўчала, папраўляючы на сабе кофту, пакарацелую наперадзе спаднiцу. Трэба было б пашыць што шырэйшае, вальнейшае, але яна шкадавала грошай, дый навошта? Яна не саромелася, нi ад каго не таiлася, яна ўжо зжылася з думкай аб сваiм маленькiм i да часу яшчэ ганарылася iм.
А Драздова нiяк не магла ўгаманiцца i кожную ранiцу, сустракаючыся з ёю (пэўна, i за вочы таксама), лаяла ўсё яе дурасць, а яшчэ болей Пархомава.
- Ах ты, зладзюга, каняга няшчасны! Што нарабiў бабе! - не зважаючы на людзей, што праходзiлi мiма, злосна лапатала яна за сваей перагародкай. - Я яму вочы выдрала б, фiзiяномiю расквасiла. Папомнiў бы ён мяне, вырадак пракляты. Не, я гэтага не даравала б так цiха-гладка. Што стаiш? - крычала яна на Фрузыну. - Iдзi да дырэктара, да мясцкома, хай яго, нягоднiка, жанiцца прымусяць.
Але яна не iшла нi да кога, нiкому не скардзiлася, на Пархомава яна проста забылася сярод сваiх новых турбот. Праўда, яна разумела, што крыху памылiлася ў iм, што залiшне панадзеялася на яго прыхiльнасць да яе, але хiба ён учынiў ёй што кепскае? Усе, што датычыла яго ў яе ўспамiнах, было добрае i светлае, i калi ён перамянiўся да яе пасля, дык што ж... Ведама ж, яна не нявеста, дый ён не якi там жанiх. Адным словам, крыўдаваць, злавацца на яго Фрузыне, здавалася, не было за што. I яна жыла сама па сабе, як i да яго, жыла марамi аб маленькiм, - цяпер ужо ёй не страшна была адзiнота i не дужа патрэбны i Пархомаў.
Але хоць яна i замкнулася ў сабе, у сваiх надзеях i клопатах, людзi ўсё ж не перасталi турбаваць яе. Жонка Пархомава, вiдаць, нешта дачулася ў Баранавiчах i неўзабаве балюча нагадала аб сабе. Аднойчы ў пагодны дзень, толькi што заступiўшы на дзяжурства, Фрузына захацела нечага выйсцi i ў тых скрыпучых дзвярах спаткалася з дырэктарам. Жанчына спаважна саступiла ўбок, павiталася, iмкнучыся як найхутчэй размiнуцца. Але дырэктар, невыразна буркнуўшы нешта на яе "дзень добры", нечакана спынiўся, перахапiў у руцэ жоўтую папку i, гледзячы зверху ўнiз, з затоенай пагардай у строгiх вачах сказаў:
- Ага, дарэчы, таварыш Сямашка, што гэта ў вас з Пархомавым? Жонка лiст прыслала, судом пагражае. Яго я ўчора зволiў па ўласнаму жаданню, але вы што сабе думаеце?
I, нахмурыўшы касмылявыя крутыя бровы на выгаленым укормленым твары, ён утаропiўся ў жанчыну i чакаў, што яна скажа. А Фрузына раптам адчула, што ёй замiнаюць рукi, пачала церабiць аборку кофты на вялiкiм ужо жываце i гатова была правалiцца ў зямлю ад гэтага яго дапытлiвага позiрку. Ёй зрабiлася млосна i крыўдна, у горле захраслi ўсе словы, i яна нiчога не магла адказаць, толькi думала, каб як перабароць сябе, не хвалявацца, бо гэта шкодна яму, маленькаму. Добра, што дырэктар не настойваў, пастаяў троху, паўзiраўся ў яе збянтэжаны твар i, пакруцiўшы галавой, падаўся да лесвiцы.
Толькi б не хвалявацца, толькi б стрымаць сябе, незаплакаць - патрабавала яе мацярынская рупнасць i пасля, калi яна зноў вярнулася да свайго акна, i на другi дзень - дома, калi ёй давялося ўчуць, як, сабраўшыся на прызбе за рагом, абгаворвалi яе суседкi. Яна прымушала сябе аглухнуць да ўсяго благога, фанатычна школiла сваю волю, каб не раздражняцца нiчым, не хвалявацца ад людской нядобразычлiвасцi.
Так мiнула лета i пацiху начала ўсталёўвацца восень. Фрузына даношвала апошнiя месяцы, ёй было трудна штурхацца ў аўтобусах, i яна ўсё часцей з працы i на працу хадзiла пехатой. Водпуску яна не брала - нiхто ёй не прапаноўваў таго, а прасiць у яе не хапала адвагi. Усё ёй здавалася, што яна нечым не дагадзiла людзям, нешта зрабiла не так, i ад таго хацелася як мага меней трапляць iм на вочы i турбаваць iх. Добра, што на дварэ стала халадней, пачалiся нудныя восеньскiя дажджы, i яна апранула фуфайку, каб меней вылучацца сваёй цяжарнасцю.
Драздова неяк змянiла свае грубаватыя адносiны да яе, не лаяла ўжо, нiчога не дамагалася. Аднойчы толькi, калi Фрузыне нешта занядужылася на працы, вахцёрка прагнала жанчыну дадому, накрычаўшы за яе няўвагу да сябе. Заадно яна палаяла i Пархомава, а таксама начала наракаць на сваю горкую долю, якая нiколi не дае ёй спакою.
Чаго Фрузына найбольш баялася, тое пачалося на працы. Зранку было дужа сцюдзёна, дзьмуў моцны вецер, яна не ўлезла ў перапоўненыя аўтобусы i цераз увесь горад iшла пешшу. Заступiўшы на дзяжурства, жанчына як села на табурэтку ля акна, так i не магла ўжо ўстаць. Ёй рабiлася горача, млелi ногi, але яна дужалася з немаччу i неяк дацярпела да абеду. Далей ужо трываць было нельга, i Фрузына зразумела, што прыйшоў той час.
Яна папрасiла прыбiральшчыцу Ганку падзяжурыць да змены, а сама асцярожнай, кволай хадою, мацаючы сцены будынкаў, выправiлася ў радзiльны дом. Добра, што iсцi было недалёка, хоць i вельмi трудна, i яна праз гадзiну з супынкамi дабралася туды.
Увечары яна радзiла. Радзiла без анiводнага крыку, без стогну, задушыўшы ў сабе ўвесь пякельны боль - яна ўсё не хацела турбаваць людзей. Дакторка пахвалiла яе за цярплiвасць, i, калi паведамiла, што нарадзiўся спраўны, нiштаваты хлопчык, Фрузына адразу забылася на пакуты.
Хлопчык абурана, гарласта крычаў, пакуль яго выносiлi прэч, i яна той раз на ўсё жыццё запамятала яго патрабавальны, характарны крык. Пасля яна ўбачыла яго маленькi ружаваты тварык з прыплюшчанымi вачанятамi i прагнай маленькай прысоскай на верхняй губе. Ссаў ён добра, жвава, смачна цмокаючы маленькiм роцiкам, i яна аж замiрала ад нязведанай мацярынскай асалоды.