Богумил Грабал - Танцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных (на белорусском языке)
На сайте mybooks.club вы можете бесплатно читать книги онлайн без регистрации, включая Богумил Грабал - Танцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных (на белорусском языке). Жанр: Проза издательство неизвестно,. Доступна полная версия книги с кратким содержанием для предварительного ознакомления, аннотацией (предисловием), рецензиями от других читателей и их экспертным мнением.
Кроме того, на сайте mybooks.club вы найдете множество новинок, которые стоит прочитать.
Богумил Грабал - Танцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных (на белорусском языке) краткое содержание
Танцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно
Грабал Богумил
Танцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных (на белорусском языке)
Багумiл Грабал
Танцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных
Пераклад: Ян Максiмюк
Як i да вас, панна, мяне найбольш цягнула хадзiць да прыглядных паненак пад касьцёл, не таму каб я надта бiў чалом Царкве, але там ля плябанii была адна крамка, а ў ёй прадаваў нехта Алтман, патрыманыя швацкiя машыны, амэрыканскiя грамафоны на дзьве спружыны i вогнегасiлкi фiрмы "Мiнiмакс", i той Алтман дадаткова займаўся сьцягваньнем прыгожых дзяўчат з цэлага павету ў гасподы й шынкi, i яны часта начавалi ў Алтмана ў заднiм пакойчыку, а калi прыходзiла лета, ставiлi ў садочку палатку, а як што ксёндз-дэкан упадабаў сабе прагульвацца каля плоту, дык тыя фарсунi выносiлi грамафон i пяялi й курылi й загаралi ў купальнiках, ну дзiва дзiўнае, як у небе ў iх тамака было, як у нейкiм раю, таму ксёндз-дэкан так рупна хадзiў каля плоту на рэвiзiю, бо зь сьвятарамi яму быў нешанцунак, адзiн вiкары зьбег зь ягонай пляменьнiцай у Канаду, другi перайшоў у чэхаславацкую царкву i ажанiўся, а трэцi парушыў забарону i пералез цераз плот да тых прыгажуняў, што тамака загаралi, а так закахаўся ў адну, ажно застрэлiўся ад нешчасьлiвага каханьня, з рэвальвэру або браўнiнга, гэта такая зброя, зь якой кожнаму можа быць бяда, мы як былi хлапчукамi пазычылi адзiн i стралялi ў плот, як Конар Толнэс, потым брат разабраў той браўнiнг i мы не змаглi ўжо сабраць яго назад i хацелi застрэлiцца ад роспачы, што не даем рады сабраць, але гэта было наша шчасьце, дык я мог калi захачу пайсьцi да паннаў ля касьцёла, заўсёды прыходзiў выстраены, у крацястых нагавiцах, як банкавы службовец, сядаў сабе на гiльзу "Мiнiмакса", як дыплямат, сонейка сьвяцiла, а тыя дзяўчаты ў купальнiках ляжалi на плахтах нiбыта якi хаўрус "Паклоньнiц сонца", было iх шэсьць i ляжалi яны наўзнак з рукамi падкладзенымi пад галоўкi з высока зачасанымi фрызурамi ды глядзелi наўмысна ў аблокi, каб пакiнуць свае целы на папас мужчынскiм вачом, але я, як што быў чульлiвы як Моцарт, i абагаўляў эўрапейскi рэнэсанс, зiркаў на iх як кракадзiл, адным вокам у садок на ксяндза-дэкана, другiм вокам на тыя ножкi, закладзеныя адна за адну, прыгажунi ўвесь час калыхалi сваiмi лыткамi, а па мне бегалi мурашкi, каму ж яшчэ магло так надарыцца, каб пабыць сам-насам з гэтулькiмi красунямi? хiба што толькi кайзэру або султану, а распавядаў я гэтым краскам, як прысьнiўся мне прыемны сон, як мне прымроiлася, што пекар саджае хлеб у печ, а гэта значыць выйгрыш на лятарэi, але я ня меў лятарэйнага бiлета, ну так, бачыць пекара ў сьне азначае яшчэ начныя забавы, але што з тых забаваў? Гаўлiчак i Хрыстос, тыя нiколi не сьмяялiся, наадварот, больш за ўсё плакалi, бо калi хто мерыцца быць носьбiтам вялiкай iдэi, дык не павiнен рабiць глупстваў, у Гаўлiчка быў дыямантавы мозг, ён нават прафэсараў зьдзiўляў, прапаноўвалi яму арцыбiскупскае крэсла, але ён выбраў справядлiвасьць, трохi кавы й крупнiку ды толькi працаваць для народу, каб паменшыць непiсьменнасьць, гэта адно разбэшчаным людзям уначы мiрсьцiцца такiм ладам, у гноi валяесься, вясёлы час цябе чакае, або калi прысьнiцца начны гаршчок, бесклапотнае жыцьцё табе наканавана, ну так, мiлыя панны, гэта якраз той клёк, калi чалавек спадзяецца на самога сябе, а не на бацькоў, як той Маноўх, якому хапала, што ягоны бацька быў турэмным наглядчыкам, дык ён не рабiў нiчога iншага, як толькi жлукцiў гарэлку i набiраўся дрэнных ухватак, а потым з такога ўзьнiкаюць пустабрэхi, як тая спрэчка за аўстрыйскiм часам мiж сацыяльнымi дэмакратамi, вальнадумцамi й клерыкаламi, адны думалi, што сьвет паўстаў з малпы, а iншыя, што Бог зьляпiў Адама з гразi, а потым зь ягонай кiшкi зрабiў Еву, ну дык i яе таксама мог бы вырыхтаваць з гразi, лягчэй бы выйшла, ды ўсё гэта лухта, сьвет жа тады быў бязьлюдны як зорка, але людзi сакочуць як маладыя сарокi, рупяцца пра ваду ў рэшаце, я таксама мог бы памроiць аб павабнай дачушцы прэм'ер-мiнiстра, але калi з гэтага нiчога ня можа быць, дык навошта? а потым гэта прыгожа канчаецца! Сьвятая Багародзiца! каронны герцаг Фэрдынанд быў пабiты пранцамi i Вэцэра яго стукнула, а яе ўжо застрэлiў рамiзьнiк, ну а кожная панна прызнае, што калi б у ейнага мiлага той iнструмант быў няспраўны, дык ёй усё роўна што жыўцом у магiлу легчы, дык калi я служыў у найлепшай армii на сьвеце, кажу штабс-лекару, пане доктар, балiць мне ў грудзях, а ён кажа, мне таксама, хлопча, калi б у нас было сто тысяч такiх як ты, мы заваявалi б увесь сьвет! i даў мне адзiнку, i я быў героем i выйшаў з горда ўзьнятай галавой, а ён крычыць да мяне стойце! яшчэ маеце час, паедзеце з маёй паняй на вакзал, ягоная панi была красуня, той самай пароды, што й Мажэнка Цыглерава, велiканка як Марыя Тэрэза, выстраеная як каралева, i адразу мяне пытаецца, а вы яшчэ свабодны? i дае мне дваццатку за дарогу, але я ня ўзяў, во што значыць рыцарскасьць, Хрыстос i Гаўлiчак таксама не ўзялi б тае дваццаткi, ведаеце, у тыя часы мы трымалi шык, я любiў насiць пэнснэ, а ў гальштук прыколваў значок, якi дзед майго сябры дастаў ад клюбу "Ахiлес" у Брне за перамогу ў скоках у вышыню, галоўнае, каб мець грошыкi, за грошыкi можна ўсё, i прыгожыя панны, нават калi хто гарбаты або й стары грыб, за грошы можа купiць сабе прыгажуню, бо на гэтым наш сьвет круцiцца ў сусьвеце, а я, хоць i прысягаў кайзэрам i прэзыдэнтам, увесь час застаюся героем, далей маю залатыя рукi, як хiрург або доктар, у шаўца заўсёды далiкатныя рукi, таму мяне называлi прафэсiяналам, сам Баця, казалi, паслаў мне дэкрэт, каб я ў яго рабiў, каб яму паставiў ягоную фiрму на ногi, баранэса Бжызава, якая прыходзiла да нас па малако, паглянула на мяне, а потым апусьцiла вочы i кажа, а вы самi ня шляхцiц будзеце? была яна дамай высокага роду, мордачка як у кошкi на шакалядзе, а ейная дачка выйшла за прыгляднага судзьдзю Юста, таго што даваў валацугам i п'янiцам вялiзныя прысуды, Тонiк Воплетал уляпiў таму судзьдзi поўху, бо ён засудзiў яго на трынаццаць месяцаў за тое, што перагрыз горла Рыгу падчас акадэмiчных дэбатаў, Хрыстос жа, лекар усiх народаў, апiрышча бедных, ужо тады ведаў, што чалавек схiльны да найбольшага лайдацтва i зараз потым да сьлёз, таму меў досыць сiлы i за ўсiх узяў тое бервяно на плечы ды зьбiты i ўвесь у крывi валок яго два кiлямэтры на Гальготу, сьвятары й да сёньня гэтаму зьдзiўляюцца, найахвотней выкладаюць дзецям пра сьвятую Тройцу, што айцец ёсьць уласным сынам, а сын сваiм айцом, i што яны перапiсваюцца з дапамогай галубiцы, ну й лухта, ажно ў мазгох рыпiць, як быццам ксяндзом было мала, што яны чуюць на споведзi, тыя нягоды зь няшлюбнымi сынамi i айчымамi, але гэта людзям ня трэба, бо Хрыстос хацеў любовi да блiзкага, дысцыплiны, а ня той любовi на канапе, як гэта некаторыя тутака плятуць, прыдуркi, якiм паадбiвала мазгi, гэта я магу ганарыцца, я, якi заўсёды помнiў Гаўлiчака, а ў шавецтве быў iнжынерам чалавечых ног, спраўна падшываць чаравiчкi белай дратвай, а цьвiчкi не павiнны муляць у пяткi, я, якi ўжываў клей маркi Эльбэт i Гумiдрабант з слановых капытоў, ды што, калi грамадзкай думкай валодаюць iдыёты й п'янюгi, хай адно дакажуць столькi як нябожчык Масарык, якi яшчэ ў свае семдзесят рабiў стойку на канi, або як тыя манахi ў Тыбэце, якiя паставiлi сабе электрастанцыю i сьвецяць сабе ў кляштары на жывога Буду, тое малюткае дзiцятка, або спадар прафэсар Айнштайн, якi вынайшаў падводную лодку з атамам, або рускiя, якiя робяць досьледныя палёты вакол сьвету на самалётах з рэактыўнай цягай i лётаюць так хутка, што не пасьпеюць узьляцець, а ўжо мусяць тармазiць, так што адзiн спрытнюк сказаў, недалёкi той час, калi пры такiх падарожжах вакол сьвету рэактыўны самалёт будзе бачыць свой уласны хвост сьпераду, людзi толькi пасядуць у такiм эрапляне i зараз павiнны выходзiць, падарожжы будуць адбывацца так хутка, што лепш будзе сядзець дома, галоўнае аднак, каб чалавек ня жыў як у хляве, а насiў кветкi прыгажуням, вось наш ксёндз-пробашч ня мог сцаць i доктар Карафiят яму кажа, я ж вам казаў, толькi поснае, а ня мяса й вiнцо, а адна баба пасьля родаў зьела кiлбаску i доктар ёй дапякаў, вы нажэрлiся яблыкаў цi што? а мужа аблаяў, што для парадзiхi шэсьць тыдняў нельга нават глядзець на кiлбаскi, i даў мужу клiзму, а я калi хадзiў да доктара Карафiята лячыць салiцёры, ён адразу прыпiсаў мне дыету i наказаў, каб я сядаў на цёплае малако, каб якi iншы, дык мяне выкiнуў бы, а доктар Карафiят кажа, адразу па вас вiдаць, што вы нечым узварушаны, значыць, ня шлюбная тайна вас сюды прывяла, а тут якраз чэрцi прынесьлi кiрмаш i на пляцы адна баба жэрла лiверную каўбасу дык выбег сабака i цапнуў у бабы тую каўбасу разам з губою, дык доктар мусiў купiць ёй яшчэ адну каўбасу i прышыць ёй тую губу, таму што баба прыйшла да яго з плачам, на той час людзi былi галянтныя да жанчын, адзiн прафэсар мне казаў, ня ўмелi мы шанаваць Аўстрыi, ня ўмелi шанаваць бардэляў, дык цяпер ад празьмернага клёку мужыкi ў нас сталiся нэрвовымi, Грулешак малацiў сваю жонку ланцугом ад ровара або катом, як называлi ланцуг для ўцягваньня калодаў на калёсы, адвакат Кiр, якi пасярэднiчаў у продажы нашага дому i паставiў сабе вiлу каля суду, з фантанам, пальмамi i мармуровай калёнай, а на ёй голую Еву, якая мела пад нагамi ўвесь сьвет, а вакол сябе ружовы садок, дык той адвакат застрэлiўся, бо ягоная жонка выбрала беднага студэнта, як у нейкай апэрэце, усе тыя багатыя панi поўныя рамантызму, мне рабiлi такiя прапановы, што я ажно дастаў язваў, вам, зразумела, не адмоўлю ды зраблю яшчэ чаравiчкi, насаджу на вочы тыя павелiчальныя шкельцы, чаравiчкi фасону КБ, iмiтацыя вужавай скуры, белая футравая высьцiлка i белыя фрэнзьлi, чацьвертага памеру, мадэль "Дэрбы-Парызэр", чаравiчкi зь белымi наскамi i лякаванымi абкладамi, абцасiкi два цэнтымэтры, нiкеляваныя дзiркi, кручкi з цэлюлёйду, масянжовыя штыфты i масянжовыя шрубкi, каб падэшвы даўжэй насiлiся, потым зраблю вам на запас адну пару абутку на восень i другую на зiму, у сярэдзiну, згодна з пажаданьнем, дамо высьцiлку з чырвонага або жоўтага кажушка, потым яшчэ адны чаравiкi на горныя экскурсii i адны зусiм простыя на шпацыры па лугох, з чырвонымi наскамi i белай высьцiлкай, або шаўро з высокай абшыўкай i зялёнымi лякаванымi наскамi, паеду ў Вену, у фiрму "Салямандра", у той цэнтар абутковага сьвету, што мае пяць паверхаў, паеду туды па лякi Майцэн, кiтавыя i так далiкатныя, як шчочкi прыгажунi, цэнтар абутковага сьвету гэта фiрма "Салямандра" з салямандрай на знаку, тым часам як фiрма "Мэрцэдэс" мела на знаку малпу, на шкляных палiцах чаравiкi, вырабленыя цудоўнымi чалавечымi рукамi, кожны паверх асьветлены iншым колерам, граф Зэлiкоўскi зiмою прыляцеў на вучэньнi на жарабцу, нiбыта на самалёце-зьнiшчальнiку, на вусах iней, конская грыва таксама сам iней, граф быў вядомы сваёй жорсткасьцю й грубасьцю, адна баба ў мяне запыталася, дзе служыць ейны сын, бо яна прынесла яму пiражкоў, а тут нарваўся граф Зэлiкоўскi на жарабцу i як рыкне па-польску, не гадай з бабамi, скурвысыну! сьцебануў мяне прутам i паскакаў на сваiм жарабцы проста на бабу на дваццацiградусным марозе, я стаяў на варце, было мне даваццаць адзiн год, а ў сабе я меў столькi энэргii, што ёю можна было б асьвятляць Прагу з тыдзень часу, яшчэ й сёньня чорт мяне падпорвае, калi бачу тую заруку шлюбнага шчасьця, дароднае жаночае цела, сокалы тады завiлi мае валасы, пазычылi мне сокальскую апратку, на лузе поўна сокалаў, на дрэвах павяваюць сьцягi, а на мяне глядзяць як на прэзыдэнта, шэраг сiвакоў, за iм шэраг каштанавых коней, дзьве красунi парвалi сабе блюзкi, пабiўшыся з-за мяне, але я ўжо быў начытаўся ў творы спадара Батысты, што чалавек, у якога няма нiчога сьвятога, больш схiльны да грэху i што адных жанчын цягне да каханьня, iншых да грошай, а яшчэ iншых да аднаго й другога, некаторых да разбэшчанасьцi, а нават вычварэнстваў, iншых да мастакоў, да замужжа, але гэта павiнна быць так, як навучае майстра Ян Гус, дзеўка, не падавай нагi кавалеру, пакуль ня ўведаеш, хто ён, найлепш прытрымлiвацца гэтых запаветных слоў, таму iндусы маюць у царкве быка i яму пакланяюцца, Сыбiла, тая, што прадказала сьмерць Госпада Iсуса, пабаялася йсьцi кладкай церазь Ярдан i пакланiлася таму кедраваму дрэву, а яе сяброўкi запыталiся, чаму яна ня йдзе далей? а яна адказала iм, што калiсьцi з тае кладкi будзе крыж, таму яна лепш пойдзе цераз тую ваду басанож, з сукенкай у жменi, а да тае кладкi быў ужо прыпiсаны той крыж i Сыбiла ведала, што прыйдзе Хрыстос i будзе вучыць людзей, што яны браты, такая была разумнiца, той самай пароды, што сьвяты Вацлаў, якi з такой радасьцю пеставаў вiнаграднiк i езьдзiў у белым радне на сiвым жарабцу i раздаваў грошы бедным як нейкi райсабес, кiтайцы зноў жа вераць у бога сiлы i каханьня, таму iхны бог мае ў носе пазалочанае колца i пашчу як акула, гэткi пазалочаны пузач, ажно жах бярэ, затое чорныя збольшага паэты, яны вераць толькi ў тое, дзе што можна зжэрцi, i верашчаць i скачуць, а iхны кароль сядзiць голы на троне i трымае вiлы ў руцэ, а iхная каралева мае на сабе толькi такi ашмотак, каб ёй мухi на пашпарт не сядалi, а калi ў iх хто памрэ, дык адну палову хаваюць, а другую гамаюць, так што спадар падарожнiк Голуб уцякаў ад iх на ровары, а жыхары Агнявой Зямлi, батакуты, арабэлы i матабэлы беглi за iм, але хоць i мелi добрыя лёгкiя, не далi рады яго дагнаць, толькi крычалi спадару падарожнiку, чалавек на вужацы! а раварысты гналi да Варшавы i выйграў нейкi Круляк, дваццаць два гады, роўна столькi было i мне, калi я стаяў у Прасьцееве перад фiрмай Вайнлiха, дворскага пастаўнiка, якi меў над уваходам арла, жыдок, залатое пэнснэ, выстраены й напарфумаваны, насiў кнiгу i смалiў кубанскую цыгару, як бы вы прыйшлi на ўнiвэрсытэт, два ягоныя заступнiкi, Фогл i Вэрцбэргэр, таксама напарфумаваныя як акадэмiкi, а я стаяў перад iмi як перад лавай прысяжных з парай чаравiкаў у руцэ на паказ, а Вайнлiх пытаецца, вы самi шылi гэтыя чаравiкi? а колькi тузiнаў можаце мне зрабiць за тыдзень? я адказаў, што два тузiны, дык мяне адразу павiншавалi, адразу мне далi бэргштайг, шаўро i бокс i падганялi, хутчэй, а то яшчэ спозьнiцеся на цягнiк, i я адыходзiў як Мантгомэры, той сьцiплы герой з-пад Тобруку, гэта велiзарны гонар рабiць у дворскага пастаўнiка, гэта тое самае, што сёньня працаваць з кавалерам Ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцягу, дворскi пастаўнiк меў мэдалi i на шыльдзе арла з распасьцёртымi крыламi, Кафка i Дворжак шылi для кайзэра строi й боты, а таксама для эрцгерцага, спэцыялiстам па вяндлiнах быў Выметал i Попелка, у вiтрыне адныя кумпякi сярод яловых галiнак i аспарагусу, адзiн мой камарад быў майстар па фраках, я запрасiў ягонага брата да нас, каб адпачыў на ўлоньнi прыроды, але ён так нажлукцiўся сьлiвавiцы, што мы мусiлi яго адмочваць у масьлёнцы, каб не памёр, дык ён рабiў у дворскага пастаўнiка Кафкi, якi меў у гербе зялёныя нагавiцы i залатыя мэдалi, генэрал фон Вухерэр замовiў у яго ясна-блакiтны мундзiр на Божае Цела, але залаты каўнер яму муляў, дык прышла яго жонка, генэралiха, каровiшча як Марыя Тэрэза, а стары Кафка, нэрвовы як кампазытар, хапiў яе i, цягаючы яе па вiтальнi, крычаў, калi гэта пасавала тысячам iншых, дык мусiць пасаваць i вашаму фраеру! таму во бачыце, я часта хаджу на могiлкi, дзе маладыя людзi, замест каб працаваць, дрэмлюць сабе пад крыжамi, а я тут пры сваiх сямiдзесяцi гадох гарэзую з вамi як кайзэр з Шратавай, а яшчэ мяркую зрабiць вам чырвоныя лякаваныя чаравiчкi, як для сястры доктара Карафiята, якая была прыгажуняй, толькi мела шкляное вока, ня надта прыемная справа, бо ня ведаеш, што яна з тым вокам счаўпе, адзiн шапачнiк з Прасьцеява мне распавядаў, што быў з такой адной у кiно, а яна раптам кашлянула i вока ў яе выпала, дык ў перапынку мусiлi яго шукаць мiж крэсламi, а калi знайшлi, яна выцерла яго, прыўзьняла павеку i шусь! маргнула раз-другi i ўсё на месцы, шавецтва гэта вам усё роўна што пякарства, якога вучыўся мой брат Адольф, гэта ўмельства саджаць далiкатнае печыва ў печ, пяшчотна на лапаце, як быццам вы гуляеце ў бiльярд, пры рагалiках на стале нельга сьлiнiць пальцаў, калi б гэта ўбачыў кантралёр, дык зараз бы даў поўху, а калi пекар iдзе пасцаць, дык потым мусiць памыць рукi, тым часам як у шавецтве можна нават калупацца ў носе, а такi мясьнiк таксама мусiць зважаць на чысьцiню, у нашым узводзе быў мясьнiк Коцурак Мiласлаў, яму нарываў палец, дык ён яго забiнтаваў, а калi рыхтаваў начынку для кiлбасак, той бiнт аб'ехаў i ўпаў у начынку, але ён меў надзею, што тая кiлбаска зь бiнтам дастанецца якому жаўнеру, дык не дурыў сабе галавы, аднак жа, панна, якi сюрпрыз! тая кiлбаска дасталася ягонаму штабс-лекару, есьць сабе трэцюю кiлбаску, раскройвае яе, а там бiнт! званiтаваў на месцы i адразу паслаў таго Коцурка Мiласлава на фронт, але той мясьнiк замест каб палегчы, наадварот, адзначыўся i дастаў ордэны за мужнасьць, нейкi час i я вазiў аднаму мясьнiку зьвязаныя козы на тачцы, два казьляняткi скакалi вакол мяне, тая каза лiзала мне рукi, i так я сядзеў у полi на тачцы, казьляняткi лiзалi мне рукi, а я плакаў, ну бо якая зь мясьнiка роўня мне, прыхiльнiку эўрапейскага рэнэсансу, дык плюнуў я на шавецтва, бо ўвесь час маеш пры iм аддушаны страўнiк i баiсься, каб не парэзацца нажом, вывучыўся на саладоўнiка i пайшоў у вандроўку па Вугоршчыне, ах, у Шапроне ёсьць выдатны бровар, чырвоны будынак зь белай аблiцоўкай, зялёныя вокны як у Тыролi i ўсё выкладзенае кахлiкамi, ля кожнага вакна жалезныя драбiнкi, каб пажарнiкi на выпадак пажару маглi па iх падымацца ўгору i спускацца ўнiз, як малпы ў Дрэздэне, а Будапэшт гэта дзiва, адна вулiца белая з чырвонымi вокнамi, другая ўся зялёная з жоўтымi вокнамi, вулiцы блакiтныя, залатыя i рабыя, а падчас вайны хлеб там быў белы як пiрог, Горты, той адмiрал, загадаў пастраляць матросаў, якiмi камандаваў Матоўшак, завязалi тым няшчасьнiкам вочы, бо гэта быў бунт або iнакш Mauterei, на пiва, панна, ячмень павiнен быць нязмоклы i непрарослы, трэба яго правеяць i найперш намачыць на верхнiм ярусе ў летняй вадзе, потым даць нанiз на ток i пералапацiць, значыць, перасыпаць драўлянай лапатай або iнакш Wohlgemut'ам, потым ён сушыцца ў саладзiльнi, а вагонь iдзе пад сподам, далей солад падае ў барабаны i шчоткi, асобна падае квет, гэта парасткi, а асобна солад, тым кветам добра кармiць валоў, солад бывае мюнхенскi для цёмнага пiва i пльзэнскi для сьветлага пiва, солад вараць у варыльнi некалькi гадзiн, растаўкаюць яго на тры заторы, каб было больш Zuckerstoff'у, потым дадаюць хмелю, каб пiва набрала горычы, потым выпускаць у брадзiльню, у кадзi, i дадаюць пiўныя дрожджы, звычайнае пiва бродзiць месяц, ляжак, або вытрыманае пiва, тры месяцы, добрая ў мяне памяць, праўда? мала ў каго на сьвеце такая, ляжак прыпраўляюць да смаку, значыць, пакуль пiва разьлiюць у гекталiтры або ў кухлi, зьбiраюць у бляшанку тую гушчу, тыя дрожджы, i далiваюць патрошку ў кожную бочку, дзякуючы iм пiва потым мае тую iскрынку, або гранат, мюнхенскае пiва вылежваецца нават i паўгоду, а калi першы раз адшпунтоўваюць бочку, дык на гэта прыходзiць паглядзець i скаштаваць сам прэзыдэнт, адна швачка, на прозьвiшча Гулякава, калi я раiў ёй наконт палавой гiгiены, а потым вучыў, што найважнейшая справа запаўняць прагалы, гэта значыць, зрабiць нешта iншае, чымся было дагэтуль, дык тая швачка адразу захацела, каб я зь ёю пайшоў у лес i запоўнiў ейны прагал, але я ёй сказаў, што гэта можа зрабiць кожны дурань, а вось штука ў тым, каб зрабiць тое, чаго яшчэ няма, жанкi як што дык адразу гатовыя, у рэстаране падчас гулянкi карчмар мне скардзiўся, што госьцi сьцiраюць з тацы ягоныя рыскi, колькi выпiлi кухляў, а была тады са мною адна прыгажуня, якая сказала, панове, я маю рыску, якая так лёгка не сьцiраецца, вядома, некаторыя гатункi пiва ляжаць у смалаваных бочках i паўгоду, салодзенькi портэр з Пардубiцаў мае васямнаццаць градусаў, роўна столькi, колькi сёньня мае "Сэнатар" з Нусьляў, "Цмок" з Брна мае чатырнаццаць градусаў, роўна як "Спэцыял" з Бранiцаў або "Крыстал" з Будзяёвiцаў, ах, панна, тыя п'янюшчыя гранаты, тыя горкiя гатункi з Пльзьня, "Кардынал" i салодкае пiва "Ў Флекаў" або "Ў Тамаша", бяда якраз у тым, што прагрэс добры дзеля таго, каб людзi былi людзьмi, але што тычыцца хлеба, масла i пiва, дык прагрэс горш заразы, тут трэба ўводзiць тэхнiку халерна паволi, у старых броварах варылi пiва ў медзi, пад катламi палiлi смалякамi i полымя йшло праз тую медзь i карамэлiзавала пiва, вось жа памяць у мяне! ёсьць чаму радавацца, або хлеб, рабiлi яго з жыта, якое ляжала ў клунi да лiстапада, пакуль усё з тых каласкоў не перайшло ў зярняткi, i толькi тады яго абмалочвалi, вось быў хлеб! пахнуў за кiлямэтар, калi пяклi гэты Божы дар, а чым быў чарсьцвейшы, тым лепшы, таму кайзэр ахвотней езьдзiў карэтай чымся аўтам i ахвотней пiў вiно, памёр зрэшты ў прыбiральнi, але ён то ўмеў захапляцца эўрапейскiм рэнэсансам разам са Шратавай, я стаяў у Майдлiнку на варце i бачыў кайзэра, Шратава стаяла на драбiне i абрывала сьлiвы, а кайзэр як Гётэ зiркаў ёй пад спаднiцу, калi трымаў драбiну дзеля ейнай бясьпекi, нават i Батыста прызнае, што зарукай шлюбнага шчасьця ёсьць дароднае цела, кайзэр любiў хадзiць у кайзроку, такiм жакеце, што выглядаў як цалкам закрыты фрак, такi ўжо быў шляхоты род тая кайзэрава сям'я, але няшчасьцi iх даймалi такiя самыя, што i iншыя сем'i, сынок, каронны герцаг, мусiў ажанiцца з бэльгiйскай прынцэсай Стэфанiяй, а насалоду меў зь цела Вэцэры, тае прыгажунi з вялiзнымi грудзьмi й вачамi, ну i ўсё скончылася павальнай стралянiнай, Даша, фэльчарка, якая ўвесь час мела прабелы ў палавой гiгiене, сказала мне, калi я распавядаў ёй пра трагедыю ў кайзэраўскай сям'i, авохцi! калi б мы былi муж i жонка, а вы хадзiлi б да iншае, дык я вас таксама застрэлiла б, так мне сказала, бо ў сьвеце пануе трагедыя i раманiсты ўвесь час маюць пра што пiсаць, iду я аднаго разу каля чыгункi, а тут едзе чыгуначнiк на ровары, саскоквае зь яго i кажа мне, Ярыку, скажы папраўдзе, быў учора той гол цi не было? а я яму кажу, не было, i той чыгуначнiк паехаў далей на адным понажы i пакуль перакiнуць ногу, аглядаўся i крычаў, дзякую, праўда пераможа, моцны характар у цябе! так крычаў, бо шмат хто блытаў мяне з футбольнымi судзьдзямi або й фiльмовымi акторамi, хоць я й нiколi ў футбол не гуляў, хiба што дзеля жарту, Моцарт i Гётэ, яны таксама ў футбол не гулялi, i кайзэр не, яму цiкавей было паехаць у Iшль i ганяцца за сарнамi, хадзiў ён у такiх нагавiцах, як дзецi, нагавiцах з пад'ёмным мастом, любiў людзей i еў сьвiнiну, за ўсё сваё панаваньне зрабiў толькi адну грашовую рэформу i загадаў павесiць Шлосарка i Гуга Шэнка, а маёй маме падараваў дваццаць пяць залатых, бо калi мама мясiла капусту, то мела на нагах белыя шкарпэткi, якраз тады былi манэўры, якiмi кiраваў кайзэраў дзядзька Альбрэхт, той, што вышчараў зубы i кватараваў з кайзэрам у аднаго такога Колажа, якога за гэтую кватэру кайзэр потым павысiў у шляхецкi стан, а той барон Колаж за гэтае павышэньне паставiў перад сваiм домам помнiк, я ехаў з мамай па карчы, жаўнеры вялi конi i елi кансэрвы, а мы наладавалi дзьве тачкi дроў i яшчэ паехалi па дзьве плахты травы для нашай каровы, было гэта гадкае падла, але мела пятнаццаць цялят, уся вулiца хадзiла да нас па малако, а калi тая карова памерла, уся вулiца плакала, але засталося ад яе цялятка, мы ўзялi яго ў сьвятлiцу i паiлi з пляшкi, дык кожнага ранку цялятка прыходзiла i лiзала нас, а мой брат Адольф казаў, што яно прыходзiць нас пагалiць, а калi з таго цяляцi вырасла карова, гаспадар Зпурны сказаў, што так прыгожай жывёлiны ён яшчэ ня бачыў, толькi што тая карова не магла глядзець нi на цягнiк, нi на ровар, таму мы чаплялi ёй навочнiкi, Царква тысячу гадоў змагалася з чэскiм народам, каб заглушыць у iм жарсьцi, але як тут ёй даць рады цэламу народу, той робiць хутчэй паводле кнiжкi спадара Батысты пра зарукi шлюбнага шчасьця, як толькi мужык убачыць прыглядную бабу, дык адразу мурашкi йдуць па iм i такi мужык адразу пачынае мазгаваць, як яе завалачы ў пасьцель, гэта, як кажа паэт Бонды, прага зьмянiць жаночую позу з вэртыкальнай на гарызантальную, i ён, хоць i паэт, з тае гарызантальнае позы мае цяперака двое дзяцей, якiх мусiць няўпынна вазiць з сабою ў возiку, мая мама была сьвятая жанчына, выхоўвала нас сама, у тыя часы яна была ўдарнiцай па ўборцы буракоў, калi выпала суша, палiвала iх з ручайка, буракi ў яе былi як цэбры, але нiхто ня мог параўнацца з Ганакамi, гэтыя мярзотнiкi выходзiлi задам, калi акучвалi буракi, каб не пакiнуць на полi нi сьледу, а яшчэ майстрам высокiх ураджаяў быў Мытны, што служыў капралам ва ўланах, з барадою як у прарока Iльлi, летам засоўваў тое валосьсе сабе ў нагавiцы, а зiмою насiў як шалiк, шчыраваў чалавек, увесь час сядзеў у лесе, а потым толькi памолiцца i зноў бяжыць за бабамi ў поле, ганяўся i за каровамi, бабаў падганяў добрым прыкладам i пугай, з такога спадар прэзыдэнт i сёньня меў бы карысьць, калi б iх было тысяч зь дзьвесьце, пры гаспадарцы ён меў карчму, але ягоная жонка замест налiваць гасьцям, налiвала сабе, дык ён, як што быў выхаваны па-каталiцку, бiў яе i бiў, пакуль не дабiў, паводле Старога Запавету конi i каровы ў яго былi начышчаныя да бляску, да таго куфэрак грошай i кнiжачкi ў ашчаднай касе, адна баба на прозьвiшча Шумплiца, каб не насiць выаранай бульбы, засыпвала яе босай нагою, але стары Мытны гэта ўбачыў i адсьцябаў яе пугаю, ажно яна абамлела, вечарам ён папраўляў мутрахлясты абутак i чытаў асьветнiцкую кнiжку, пакуль сеяць, адмочваў пшанiцу ў сiнiм купарвасе, любiў калоць парасятаў i да юшкi дадаваў пернасьцi ажно аднекуль з Афрыкi, яванская карыца, панна, лепшая за цэйлёнскую, такая лагодная карыца добрая для гарачага вiна i пiражкоў з павiдлам, але ўсё-ткi ў Аўстрыi людзi былi страшэнна адсталыя, адзiн мужычок матычыў поле i адматычыў сабе палец, бо думаў, што гэта вусень, настаўнiк Латал лупцаваў вучняў i бiў iх галавою аб дошку, бо вучнi кепска навучалiся рысавальнай геамэтрыi, а пробашч Збожыл хапаў хлопцаў за карак i трос iх як трусоў, бо не маглi зразумець, што ласка ёсьць божай натурай i звышнатуральнай заслугай, таму наш пробашч мусiў няўпынна малiцца, каб ня быць такiм злосным, бо здаралася яму часам адставiць келiх i заляпiць поўху мiнiстранту, а потым далей служыць iмшу, такая была тая аўстрыйская дысцыплiна, якая мела слабасьць да парадаў i колераў, арцыбiскуп насiў фiялетавы капялюш i фiялетавую сутану, генэрал Лукас меў залаты каўнер i тры зоркi на падкладцы з чырвонага шоўку, адзiн салдат ужо тады сказаў: насраць на вайну! i ўжо адразу вiсеў на дрэве зь перабiтымi нагамi, Сына Чалавечага прадалi за трыццаць срэбнiкаў, а султан купляў прыгажуняў за сто тысяч i больш, цела Сьвятога Пятра павесiлi на крыжы галавою ўнiз, а папа, ягоны наступнiк, сёньня шпацыруе па Лятэране i Ватыкане, абходзiць тысячы пакояў, дык яму паставiлi турыстычныя паказальнiкi, каб не заблудзiўся, з кардыналамi ён размаўляе ня столькi пра дзейную любоў да блiзкага, колькi пра валюты i каталiцкiя базы, гэта, скажу вам, панна, ёсьць тыя ваконцы на сьвет, тыя голы, пункты i сэкунды, нябожчык Штраўс трымаўся прынцыпу, каб сьветам кiравалi файныя мэлёдыi, каб улагодзiлiся пачуцьцi, той эўрапейскi рэнэсанс, за якi змагалiся Тэмiстокл i Мiльтыяд, Сакрат, Гётэ i Моцарцiк, каб не гаварыць, калi нам якая прыгажуня абрыдла, панна, пацалуй мяне ў ногу i adieu, тое ўлагоджваньне палягае на тым, каб напiсаць музыку або вершык на разьвiтаньне i паслаць з букетам ружаў, пасьля, панна, рамантычнаму чалавеку i сны сьняцца лагаднейшыя, мець дрыст у сьне значыць бываць у сьвецкай кампанii, жонку пры сьмерцi бачыць у сьне значыць, як знарок, спаўненьне самых запаветных мараў, у нас адзiн пячнiцкi чаляднiк расплакаўся, калi прывучвалi яго да забавы зь дзеўкай на бiльярдзе, iншым разам дзеўкi з бару выдатна дапамаглi, быў такi адзiн слабы на розум i калi на яго гэта находзiла, ён крычаў, мама, мама, паглядзi, што мне зрабiлася! дык мама хапала сто кронаў i бегла па красуню з бару, але ейны сынок падаў з тае красунi i мама яму ў тым пасабляла, каб на нейкi час займець перадышку, пакуль ейны бедны сынок зноў не пачне крычаць, мама, мама, паглядзi, што мне зрабiлася! але я заўсёды трымаў форму як Конар Толнэс, вось гэтымi чарадзейнымi ручкамi я рабiў кантэскi, чаравiчкi для прынцэсаў, акторак i лепшых красуняў, драўляны абцасiк, прыбiты масянжовымi штыфцiкамi, работа чыстая i мiлая Богу, срэбнае шаўро i жоўтае шаўро, i канарэечнае, а каб падноскi былi белыя, я купляў гумiдрабант, так што за Аўстрыi шавецтва было работай хутчэй хiмiчнай, чымся рамяством, сёньня гэта йдзе на канвэеры, хоць i быў я ўсяго шавец, але насiў манокль i кiёк з срэбнай галушкай, было так, што тады кожны хацеў выглядаць як кампазытар або паэт, а сёньня наадварот, кожны пiсьменьнiк фатаграфуецца як галадранец, аднаго разу, панна, я бачыў амэрыканскага пiсьменьнiка, ну нешта жахлiвае, той сам тып што й граф Зэлiкоўскi, вядомы сваёй грубасьцю, а той мастак, што маляваў тую галубiцу, на фатаграфii выглядае як жабрак з Марыяцэлу, сёньня мастакi зачэсваюцца данiзу, як за Аўстрыi дажывотнiкi або дахадзягi ў прытулках цi шпiталях, а вось за аўстрыйскiм часам, калi хто закончыў двухклясовую школу, даваў сабе завiваць валасы i хадзiў зачасаны як паненка, каб дзяўчаты думалi, што ён пiша вершы, а калi хто за Аўстрыi меў тры клясы гiмназii, дык не выходзiў зачаста на сонца, тым часам як сёньня загараюць нават прэзыдэнты, за Аўстрыi дык i работнiкi фатаграфавалiся з локцем лёгка ўсьпертым на столiк i позiркам скiраваным у далячынь, як Эдысан, а сёньня фатаграфуюцца нават як колюць дровы, вось так, у той час ужывалi шмат бадану, прыправы з кiтайскага дрэва, знакамiтай для лiкёраў i печыва, ах, тыя даўнiя часы мелi слабасьць да жабракоў, але з другога боку i да парадаў, вугорская мука была пад колер пяску, а на мяхох пазначалi яе трыма чырвонымi сэрцамi, амэрыканская двойка мела на мяхох тры скрыжаваныя каласкi i канадыйца з касою, эрцгерцаг Ойген, камандзiр дойчмайстраў i кавалер Апостальскага Ордэну, найбольшая жывёлiна ў сям'i Габсбургаў, меў два мэтры дваццаць цэнтымэтраў росту, так што калi ягоны ад'ютант падаваў яму плашч, дык валок яго па зямлi, калi стары Грулешак латаў у нас мяхi, ён чытаў за работай любоўны раман, а ксёндз Збожыл чытаў з амбону пастырскае пасланьне аб чытаньнi немаральных кнiжак i часопiсаў, а стары Грэпл, той што вазiў радно ў Оламоўц, ставiў ногi ў халодную ваду, каб не заснуць, бо ня меў будзiльнiка, зiмою хадзiў у лес вазiць дровы i цягаў тыя ланцугi на плячы як сам чорт, а сваю жонку часта тоўк галавою аб бэльку, каб паправiлася, так што яна доўга малiлася па начах, каб Госпад Бог яе выслухаў i каб прывалiў яго фурай з калодамi, таму й паэт Бонды мне казаў, што сапраўдная паэзiя павiнна ранiць, як бы вы забылiся лязо ў насоўцы i смаркалiся i парэзалi нос, таму акуратныя кнiжкi пiшуцца не дзеля таго, каб чытач лепш заснуў, але каб выскачыў з пасьцелi i так як стаiць, у адных споднiках, пабег да спадара пiсьменьнiка i надаваў яму па пысе, было так, што за Аўстрыi муж адказваў за душу свае жонкi непасрэдна перад Богам, i так прыкладам Тонiк Воплетал, той, што ўсадзiў нож Фэрдзюшку ў галаву, калi сварылiся, хто трапiць у неба, а хто не, дык ён казаў сваёй жонцы, ты перад алтаром прысягала слухацца мяне i тут жа лясь ёй па мордзе як задатак на будучыню, у майго майстра быў добры характар, але затое ён любiў выпiць, калi меў за што, адну кварту гарэлкi перад абедам, другую пасьля абеду, i яшчэ адну нанач, сёньня людзi з глузду зьехалi б або зрабiлi б рэвалюцыю, калi б мусiлi працаваць да поўначы як за Аўстрыi, дык той мой майстар гаварыў увечары, а каб цябе халера, курва кручаная, ты чаго мне забараняеш? я ж табе не выгаворваю, калi ты смалiш пiпку з драгунам! i лясь бабу капылом, за Аўстрыi людзi мелi досыць часу на глупствы, мой тата стрэў такога разумнiка як i сам, Траўнiчка, i яны адразу купiлi сабе лiтар жытнёўкi ў Фiдлераў, у той час налiвалi гарэлку ў такi чацьвяртак, што выглядаў як шкло ад газоўкi, значыць, мой тата сядзеў з Траўнiчкам на могiлкавым муры, а як што былi начытаўшыся Гаўлiчка i "Сьветагляду", мiжнароднае становiшча так iх засмучала, што не пайшлi на працу i вялi падрыўныя гутаркi пра сацыяльную несправядлiвасьць, а калi ўжо набралiся, засьпявалi песьню "Калi я йшоў лясной сьцяжынай у гаёк", ксёндз выбег з касьцёла, з сурвэткай як кельнэр, i крычыць, а каб цябе трасца, Траўнiчак, што гэта за фокусы замiнаюць мне падчас багаслужбы? iдзi ў лес, або аддам цябе пад арышт, але тата з Траўнiчкам сьпявалi далей, i тут ужо бяжыць жандар з плюмажам, каб iменем закону яны разыйшлiся, дык пайшлi, а тата, каб ад яго ня несла гарай, купiў сабе жавальнай табакi, але як ужо быў добра налiзаўшыся, мама ўзяла пута i адлупiла яго, бо калi хто хоча напiцца, дык павiнен мець рэсурсы, iнакш шал кiнецца ў галаву, Лёйза Таваркаў звар'яцеў ад бруку на пляцы, а яшчэ можа й таму, што ягоны сын рабiў дзяўчатам дзецi на спробу, дык той Лёйза Таваркаў тоўк галавою ў мур i падсьпеўваў, "Дзеля Бога, Язэпе, дзеля Бога, Язэпе...", а калi шал увайшоў у рытм, дык сьпяваў "Усе чэрцi на свабодзе, усе чэрцi пад замком", людзi глядзелi на яго нейкi час, а потым адправiлi ў вар'ятню, ён наогул быў добрым чалавекам, засядаў з Бэхiнам у ратушы i быў начальнiкам Сокала, адно той брук яму даўся ў мазгi, а можа i ягоная дачушка, якая аднаму хлопцу дала найпрыгажэйшы доказ каханьня, якi не застаўся без наступстваў, так што яна стрэльнула сабе ў лоб з рэвальвэру, што вiсеў у iх на сьцяне, так што бачыце, панна, людзi i надалей несьвядомыя i схiльныя да трагедыi, заўсёды калi хто кажа праўду, выглядае як хлус, а як было насамрэч, адкрываецца заўсёды запозна, адна красуня, якая мела Пэцiнгей, вышла замуж за багатыра, бо якраз прачытала "Уладальнiкаў гуты", але да яе хадзiў сьлесараў сын, а ейны муж вярнуўся нечакана i засьпеў iх у ваньне i так урэзаў таму сьлесараваму сыну, што той ажно аглух, таму Батыста ў сваiм творы аб палавой гiгiене перасьцерагае мужчын, каб занадта не аддавалiся сваёй жарсьцi, сама больш тры разы папалуднi, а каталiком чатыры разы папалуднi, каб потым ня мелi грэшных думак, бо iнакш можна прыйсьцi да сумных наступстваў, гэта ўваходзiць у кроў i да гэтага маюць нахiл султаны, якiя потым надрываюцца, калi-нiкалi нават папы i каралi ня мелi ў тым шчасьця, а потым ужо запозна, дзяржава стаiць дагары нагамi празь нейкую модную красуню, таму што розум заўсёды прыходзiць запозна, мама мяне перасьцерагала, вядома, да жанчын трэба падступацца з пачуццём, значыць, трэба хлусiць, што там вясельле, забава, увесь той гармiдар, гэта заўсёды пасьпеем, але на ўсё жыцьцё? адзiн мясьнiк мне сказаў, што ажанiцца гэта як усё жыцьцё несьцi каровiну скуру па тонкiм лёдзе, ёсьць выпадкi, калi жонка кажа да мужа, бацька, цябе варта было б добра чахнуць матычкай, а ён яе прабiрае, матуля, жлукта ты пузатая, як вазьму качаргу i як таргану цябе за пысу, дык вось, панна, iдэалы хiстаюцца, нават Гётэ гэтага не даказаў, а што ўжо казаць пра Моцарцiка, гэта люба, калi двое спатыкаюцца, спачатку хапаюцца за рукi, а потым за што толькi можна схапiцца, але гэтыя рэчы галоўным чынам узбуджаюць народы апранутыя, народы голыя менш распусныя, а прытым менш у iх кiшэнных крадзяжоў, ксёндз можа сабе мянцiць языком колькi хоча, Карл Чацьверты памяняў чатыры красунi, а калi б не памёр ад запаленьня лёгкiх, пэўна меў бы ахвоту i на пятую, такi зь яго быў спэцыялiст па жанчынах, трэба ведаць, калi ёсьць сапраўдная жарсьць, а калi толькi прыхамаць, як гэта апiсвае ў сваiм творы Батыста, што адна жанчына мела дваццаць два дзiцяцi, а iншая анiводнага, хоць бы й комiн ад бровару на яе звалiўся, такi мужчына мусiць мець не абы якi ворган, нават у соньнiку, панна, знойдзеце, што вялiкi ворган у снах бачыць значыць дастойнасьць, як той Шоўпал у нас, абое пiлi i цягалiся за чубы на лесьвiцы, але калi выйшлi на вулiцу, проста шляхта! а дома ён увесь час да яе, дыхнi, ад цябе нясе гарэлкай! а яна стае на каленi i божкаецца, я зьела толькi адну шакалядку з ромам, а ён ёй дае поўху, сёньня людзям жывецца куды лепш, але з гэтага боку ўсё засталося па-старому, раз ён дастае шалу, другi раз яна, за вакзалам жыў Каўра, якi ўначы краў, а днём шаўцаваў, а жонка ў яго была немка, i таму што яна красьцi ня ўмела нi трохi, ён узяў i павесiўся ад сораму на бэльцы, або той Хыцiл! яна, ягоная жонка, хадзiла па дамох i прадавала кашулi, а прытым крала, ну i раз яе прывялi жандары, дык яму таксама не засталося нiчога як толькi павесiцца ад сораму, той фарсун Корац, службовец у касе хворых, меў сына студэнта ў Оламоўцу, аднойчы прыходзiць доктар Карафiят на кантроль i кажа, спадар Корац, людзi скардзяцца, што не атрымлiваюць дапамогi па хваробе, што гэта за парадкi? тады Корац раскалоўся i прызнаўся, што тыя грошы пасылаў для сынка ў вышэйшай школе, а доктар сказаў, што яму да гэтага няма нiякай справы, дык Корац узяў касу i быццам ахвярнае ягня старой Аўстрыi выпiў лiтар рому за клуняй i падрэзаў сабе глотку, сёньня ўсё навыварат, дзецi вучацца задарма, а бацькi ледзь сабе глотак не пападрэзваюць, бо ў дзяцей больш грошай чымся ў iх, вось маеце, за Аўстрыi ў ялавiчным булёне не магло бракаваць шафрану, такой знакамiтай прыправы з Малой Азii, а мой стрыечны брат, вось гэта выпадак! быў з блiзьнят i ахрысьцiлi яго Вiнцакам, а таго другога блiзьнюка ахрысьцiлi Людвiчкам, а калi iм было па годзiку, мамуля купала iх у начоўках i на хвiлiнку адбегла да суседкi, калi вярнулася праз паўгадзiнкi, адно з дваiх утапiлася, а як што тыя двайняты былi падобныя, дык ня ведалi, каторы зь iх утапiўся, Людвiчак цi Вiнцак? кiнулi манэту, арол быў Людвiчак, а рэшка Вiнцак, в
Похожие книги на "Танцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных (на белорусском языке)", Богумил Грабал
Богумил Грабал читать все книги автора по порядку
Богумил Грабал - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки mybooks.club.