MyBooks.club
Все категории

Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)

На сайте mybooks.club вы можете бесплатно читать книги онлайн без регистрации, включая Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке). Жанр: Проза издательство неизвестно,. Доступна полная версия книги с кратким содержанием для предварительного ознакомления, аннотацией (предисловием), рецензиями от других читателей и их экспертным мнением.
Кроме того, на сайте mybooks.club вы найдете множество новинок, которые стоит прочитать.

Название:
Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)
Издательство:
неизвестно
ISBN:
нет данных
Год:
неизвестен
Дата добавления:
17 октябрь 2019
Количество просмотров:
137
Читать онлайн
Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)

Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) краткое содержание

Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - описание и краткое содержание, автор Генрих Белль, читайте бесплатно онлайн на сайте электронной библиотеки mybooks.club

Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно

Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - читать книгу онлайн бесплатно, автор Генрих Белль

- Крыху цярпення, шаноўныя панi i панове, яшчэ некалькi крокаў; вось тут - рэшткi будынка суда, а вось i яны - рымскiя дзiцячыя магiлкi.

("Тут, - казалi на курсах, - вы павiнны першыя моўчкi спынiцца i пачакаць з тлумачэннямi, пакуль у iх пройдзе першае хваляванне; гэта ўжо выключна залежыць ад вашага чуцця, як доўга варта працягваць маўчаць, засведчваючы гэтак вашую ўзрушанасць; напэўна, гэта залежыць ад складу групы; i прашу не ўвязвацца ў дыскусiю наконт самiх рымскiх дзiцячых магiл што гэта зусiм не рымскiя дзiцячыя магiлы, а толькi надмагiльныя камянi, прычым знойдзеныя зусiм у iншым месцы...")

Надмагiльныя каменныя плiты, абапёртыя аб шэрыя муры, утваралi паўкола. Калi прайшло першае хваляванне, здзiўленыя госцi пачыналi глядзець угору: па-над неонавымi лямпамi вiднелася цёмна-блакiтнае неба: цi гэта на iм ужо паблiсквала ранняя зорка, а можа, гэта проста быў водблiск пазалочанага цi пасрэбранага шарыка агароджы, якi, мякка адбiваючыся, уваходзiў у круглы калодзеж, складзены з пяцi вянцоў?

- На ўзроўнi першага вянца - бачыце белую рыску на бетоне? - прыкладна праходзiла вулiца ў часы Рыма; на ўзроўнi другога вянца - там таксама вiдна белая рыска на бетоне, бачыце? - праходзiла вулiца ў часы Сярэднявечча, i, нарэшце, на ўзроўнi трэцяга вянца - белай рыскi вам, напэўна, паказваць ужо не трэба - праходзiць вулiца сёння; а цяпер, шаноўныя панi i панове, зоймемся надпiсамi.

Твар дзяўчыны зрабiўся зусiм каменны, нiбы твар багiнi; сагнуўшы локаць, яна падняла лiхтар, нiбы рукаятку паходнi:

Dura quidem frangit parvorum morte parentes

Condicio rapido praecipitata gradu

Spes aeterna tamen tribuet solacia luctus...

Яна ўсмiхнулася Рут - адзiнай, што магла належным чынам ацанiць велiчнасць старажытнай мовы; ледзь прыкметным рухам рукi дзяўчына паправiла каўнерык твiдавага касцюма; потым яна крыху апусцiла лiхтар i прадэкламавала пераклад надпiсу:

I хоць фатальны лёс бацокоў спасцiгае,

Калi iх дзiця гэтак хутка, раптоўна

Памiрае,

Ды ў смутку над жыццём яго, зусiм юным,

Што цяпер толькi раю належыць,

Адно вечная надзея нас суцяшае.

Шэсць гадоў, дзевяць месяцаў меў ты, Дэзiдэратус,

Калi быў пахаваны пад гэтым магiльным пагоркам.

Смутак семнаццацi стагоддзяў адбiўся на тварах турыстаў, запаў у iх сэрцы, скаваў нават вечна рухомыя скiвiцы пажылога ўжо фламандца; у яго апусцiўся падбародак; языком ён хуценька запхаў жавальную гумку ў самы далёкi куточак рота; у Марыяны з вачэй пацяклi слёзы, Ёзэф сцiснуў ёй локаць, а Рут паклала ёй руку на плячо. Дзяўчына-гiд з тым самым акамянелым тварам дэкламавала далей тое самае па-ангельску:

Hard a fate meets with the parents...

Небяспечны момант, калi з цёмнага сутарэння госцi зноў выбралiся наверх, на святло, на свежае паветра, у летнi вечар; калi старадаўнi смутак смерцi глыбока ўвайшоў у сэрцы, перамяшаўся з пачуццямi любоўных мiстэрыяў багiнi Венеры, калi самотныя турысты выплёўвалi жавальныя гумкi перад касавым акенцам i спрабавалi прызначыць спатканне на ламанай нямецкай мове; танцы ў гатэлi "Прынц Генрых"; праходка разам па горадзе, вячэра - a lonely feeling*, фройляйн; i тут трэба было паводзiць сябе, як гэта рабiла вясталка: не дазваляць нiякiх заляцанняў i рашуча адмаўляцца ад усялякiх запрашэнняў; "прашу не дакранацца да мяне; толькi глядзець: No, Sir, no"**, - i ўсё ж яна сама адчувала подых распаду, спачувала самотным iншаземцам, якiя, патрэсваючы галовамi, мусiлi iсцi наталяць свой любоўны голад туды, дзе яшчэ панавала багiня Венера i, добра разбiраючыся ў курсах валют, не саромелася называць свой тарыф у гульдэнах, франках i марках.

* Пачуццё самоты (англ.).

** Hе, сэр, не, не (англ.).

Касiр адрываў бiлеты ад скрутачка, нiбыта вузкiя ўваходныя дзверы вялi ў кiно; дзяўчыне амаль не заставалася часу, каб у службовым пакойчыку зрабiць адну-дзве зацяжкi цыгарэты, адкусiць кавалачак бутэрброду, глынуць кавы з тэрмасу i кожны раз вырашаць складаную праблему: цi прыберагчы недакурак да наступнага разу, цi пагасiць яго танюсенькiм абцасам; яшчэ адна зацяжка i яшчэ адна; тым часам левая рука ўжо намацала ў сумачцы губную памаду, тым часам сэрца насуперак усяму вырашыла парушыць зарок вясталкi, i ў гэтую хвiлю касiр ужо ўсунуў галаву праз дзверы:

- Дзiцятка, дзiцятка; дзве групы чакаюць ужо; паспяшайся - рымскiя дзiцячыя магiлкi - найбольш прыбытковае мерапрыемства сезона.

Дзяўчына з усмешкай iзноў выходзiла да бар'ера; зноў пытаннi пра нацыянальнасць i родную мову: чацвёра размаўлялi па-ангельску, адзiн па-французску, адна - па-галандску; немцаў было гэтым разам ажно шасцёра; лiхтар на кiйку, нiбы шпага; яна зноў сыходзiла ў цёмны магiльны склеп, каб яшчэ раз распавесцi пра старажытны культ любовi, расшыфраваць старадаўнi смутак смерцi.

У Марыяны ўваччу ўсё яшчэ стаялi слёзы, калi ўсе выйшлi на вулiцу i якраз праходзiлi праз чаргу каля касы; пачуваючы сябе няёмка, немцы, ангельцы i галандцы iмкнулiся адвярнуцца ад заплаканых вачэй дзяўчыны: што за жахлiвая таямнiца хавалася там унiзе, у цёмных сутарэннях? Цi хто-небудзь чытаў такое - каб помнiкi культуры прымушалi людзей пралiваць слёзы? За шэсцьдзесят пфенiгаў гэткая вялiкая ўзрушанасць, якую можна было б на некаторых тварах убачыць у кiно только пасля вельмi дрэнных i пасля вельмi добрых фiльмаў? Цi камянi напраўду могуць расчулiць да слёз аднаго чалавека, у той час як iншыя флегматычна запiхваюць сабе ў рот новую жавальную гумку, альбо прагна запальваюць новую цыгарэту, альбо запраўляюць наступную стужку ў сваю камеру з успышкаю, шукаючы вачыма чарговы аб'ект для кадра - о, франтон жылога дома мешчанiна пятнаццатага стагоддзя, якраз насупраць выхаду; шчоўк - i вось франтон дзякуючы пэўнаму хiмiчнаму працэсу ўвекавечаны на стужцы.

- Памалу, памалу, шаноўныя госцi! - выкрыкнуў касiр праз сваё акенца. З прычыны надзвычай вялiкага наплыву экскурсантаў мы вырашылi павялiчыць групы наведвання з дванаццацi да пятнаццацi чалавек; прашу яшчэ трох шаноўных гасцей з чаргi падысцi; шэсцьдзесят за ўваход, марка дваццаць за каталог.

Яны ўсё яшчэ iшлi ўздоўж чаргi, што выцягнулася каля сцяны i канчалася аж на рагу вулiцы; на Марыянiным твары ўсё яшчэ былi слёзы; яна адказала ўсмешкай Ёзэфу, якi моцна сцiснуў ёй локаць, другой усмешкаю яна падзякавала Рут за тое, што Ёзэфава сястра паклала ёй руку на плячо.

- Нам трэба спяшацца, - сказала Рут, - ужо без дзесяцi сёмая, i мы не павiнны прымушаць iх чакаць.

- Праз дзве хвiлiны мы будзем ужо на месцы, - адказаў Ёзэф, -... не спознiмся; але i тут мяне не абмiне гэты пах: вапна i муравальны раствор; мiж iншым, цi вядома вам, што за гэтае адкрыццё яны павiнны дзякаваць выключна бацькавай гарачай любовi да выбухаў? Калi падрывалi старую вежу-вартоўню, унiзе абрынулася нейкае скляпенне i была расчышчаная дарога да гэтай старызны; няхай жыве дынамiт... як, дарэчы, табе падабаецца наш новы дзядзька, Рут? Цi ў табе загаварыў голас крывi, калi ты ўбачыла яго?

- Hе, - адказала Рут, - голас крывi ўва мне не загаварыў; але ён здаецца мне добрым чалавекам; трохi сухаваты, трохi бездапаможны... Цi ён будзе жыць у нас?

- Падобна на тое, - адказаў Ёзэф, - цi будзем i мы там жыць, Марыяна?

- Ты хочаш пераехаць у горад?

- Ага, - адказаў Ёзэф. - Я хачу вывучаць статыку, каб потым працаваць у шаноўнай фiрме майго бацькi, хiба табе гэта не даспадобы?

Яны перайшлi цераз ажыўленую вулiцу i выйшлi на спакайнейшую; Марыяна затрымалася каля адной вiтрыны i, вызвалiўшыся ад рук Ёзэфа i Рут, пачала насоўкай выцiраць слёзы на твары; тым часам Рут прыгладзiла рукою валасы, абцягнула на сабе швэдар.

- Цi мы ўбраныя досыць святочна? - спыталася яна. - Я не хацела б пакрыўдзiць дзядулю.

- Вы ўбраныя зусiм па-святочнаму, - запэўнiў яе Ёзэф. - Як табе падабаецца мой план, Марыяна?

- Мне зусiм не ўсё адно, чым ты займаешся, - адказала яна, - вывучаць статыку - гэта, вядома, добра, вось толькi пытанне: якi ўжытак ты хочаш потым зрабiць з гэтай сваёй навукi?

- Будаваць або падрываць - дакладна яшчэ не ведаю, - сказаў Ёзэф.

- Дынамiт, напэўна, ужо занадта стары сродак, - сказала Рут, - вядома ж, ёсць куды навейшыя i лепшыя; цi ты памятаеш, як цешыўся бацька, калi яму яшчэ дазвалялi падрываць? Такi сур'ёзны ён зрабiўся толькi з тае пары, калi не стала чаго падрываць... што ты можаш сказаць пра яго, Марыяна? Цi падабаецца ён табе?

- Ага, - сказала Марыяна, - ён мне дужа падабаецца; я ўяўляла, што ён горшы, халаднейшы, i я амаль баялася яго, перш чым з iм пазнаёмiцца; але цяпер думаю, што боязi перад iм адчуваць якраз няма чаго; вы будзеце смяяцца, але ў яго прысутнасцi я адчуваю сябе ў бяспецы.

Ёзэф i Рут смяяцца не сталi; разам з Марыянай - яна iшла ўсярэдзiне рушылi далей; усе спынiлiся каля ўвахода ў Кронэраву кавярню; абедзве дзяўчыны яшчэ раз агледзелi сябе ў дзвярным шкле, абабiтым знутры зялёным ядвабам, яшчэ раз прыгладзiлi свае валасы, перш чым Ёзэф з усмешкай адчынiў дзверы.

- Божухна, - сказала Рут, - я так хачу есцi; напэўна, дзядуля замовiў нам што-небудзь самае лепшае.

Фраў Кронэр, падняўшы абедзве рукi, iшла да iх паўз пазасцiланыя зялёнымi абрусамi сталы, па зялёным ходнiку; яе серабрыстыя валасы крыху растрапалiся, на твары была напiсана бяда, вадзянiстыя вочы паблiсквалi вiльгаццю, голас дрыжаў ад непадробнага хвалявання.


Генрих Белль читать все книги автора по порядку

Генрих Белль - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки mybooks.club.


Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) отзывы

Отзывы читателей о книге Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке), автор: Генрих Белль. Читайте комментарии и мнения людей о произведении.

Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*
Подтвердите что вы не робот:*
Все материалы на сайте размещаются его пользователями.
Администратор сайта не несёт ответственности за действия пользователей сайта..
Вы можете направить вашу жалобу на почту librarybook.ru@gmail.com или заполнить форму обратной связи.