— Ці паверыш, сябра, але няма на маёй зямлі здраднікаў, няма і забойцаў. Няма каго табе аддаць...
— Вой-вой. Як жа так? Няўжо ты ўсіх-усіх выхаваў? Стагоддзя не прайшло як патрапіў я ў няволю з тваёй чарадзейнай ласкі. А твая зямля стала такая белая-белая. Аж прыемна сюды прыляцець.
— Вяртайся назад, Крагавей, — я наўмысна назваў яго сапраўднае імя, вядомае нямногім. — Тут няма анікога, хто рады цябе бачыць.
— Мо прагоніш?
— А і праганю.
— Чаго ж ты марудзіш?
— Табе апошнюю ласку зрабіці хачу. Як надзейнаму былому сябру.
Захлынуўся цмок ад смеху, успыхнула полымем пакінутая вёска.
— Ты заўсёды ўмеў смяшыць, чарадзею. Дык і я цябе павесялю. Ідзі сюды.
Паплылі прэч ад мяне зямля і неба, як ні моцна я быў з імі звязаны, як ні
трымаўся за іх. І праз колькі імгненняў, падхоплены Крагавеевымі чарамі, устаў я на калінавым мосце. Вечным памежжы жыцця і смерці. Ні скрануцца з яго, ні сысці.
— Зробіш крок наперад — памрэш, як памірае смяротны. Зробіш крок назад — таксама памрэш. — заліваецца ад смеху цуда-юда. — Ну як, ці добра я жартую, чарадзею? Але табе, як сябру, зраблю ласку. Глядзець і чуць ад гэтага калінавага моста, як паядаю і пабіваю я тваю зямлю.
Калыхаўся ад ягонага смеху калінавы мост. Цяжка стаяць на ім, не робячы аніводнага кроку. Але адно я павінен зрабіць.
— Не табе прыдумваць сапраўднай пакуты, Крагавею. Не можа гэта зрабіці той, хто не хоча ведаць анічога пра людскасць...
— Ты гэта пра каго? — радасна пыхнуў Крагавей. — Пра таго хлопчыка, які не любіць чараў? Спадзяюся, ён добры на смак. Га?
— Пра яго, Крагавейка. Ты зноў будзеш пераможаны. Я ведаю гэта, як зоркі ведаюць чалавечы лёс. І весела мне будзе пабачыць тое ад калінавага моста.
— Няўжо? — зацікаўлена зіркнуў Крагавей чорнымі бліскучымі вачыма. — Дзе падвох, чарадзею?
— Я проста сказаў табе праўду. Ідзі хутчэй насустрач сваёй смерці, бо стаміўся я ўжо цябе забаўляць.
— Не клапаціся, чарадзею, твая зямля чакае мяне.
— Крагавей. — я глянуў цмоку ў вочы, рызыкуючы страціць волю і памяць. — Табе не доўга па ёй хадзіць.
І цуда-юда паімчаў. Зацікаўлены, прагны да людскіх пакут. Гатовы сцвярджаць сваю сілу смерцю і знішчэннем. Гатовы да вялікай крыві. І гатовы ўсумніцца ў сабе. Занадта ўпэўненым я быў на калінавым мосце. Занадта пагардлівым для таго, каму анічога не засталося. Ты ўжо быў пераможаны, Крагавей. Я проста веру, што ўсё паўторыцца. Дзеля цябе, добры сын чалавечы.
Ты застаўся адзін, слаўны хлопчык. А гэты цмок быў страшным. Ты шукаў мяне ля высокага ясеня, шукаў у квітнеючых палях і непраходных пушчах, калі надарылася бяда. Я не змог табе дапамагчы, калі стаў лютаваць змей Крагавей. Прыйдзе з чужой зямлі, людзей паядае, а якіх не з’есць — пабівае. Мала хто насмеліцца з ім пабіцца, а гэтых, нямногіх смелых, хутка напаткае жахлівая смерць ад цмокавых кіпцюроў. Доўга думаў ты, як цуды-юды пазбыцца, і прыдумаў чары ад чалавечай душы, ад простай працы, што спарадзілі маё нямое здзіўленне.
Сабраў такіх, як і сам, адчайных ды смелых, і сталі вы рабіць вялізную-вялізную саху. Дубы векавыя для яе валілі, жалеза з усяго краю збіралі. Зрабілі акурат такую, што толькі Крагавея ў яе і запрэгчы. І схавалі яе. Навошта? Я глядзеў на тое ад калінавага моста і не ведаў.
Толькі не спыніўся ты. Стаў дзеля чагосьці з дружынай камяні цягаць, з іх вежу высокую мураваць. Якраз там змураваў, дзе цмок найчасцей з’яўляўся. Змуравалі вы тую вежу, як лялька, прыгожую, белую, ды схаваліся ў ёй. Няўжо будзеце да скону там хавацца?
Нядоўга і пабыў ты з хаўруснікамі ў каменнай схове. Ляціць Крагавейка, пнецца, аж пыл перад ім курыць. Убачыў белую вежу, зацікавіўся, спыніўся. Заўсёды быў такім цікаўным. Ды пытаецца:
— А хто ж, хто ж у новай каменнай хатцы жыве?
А ты, хлопча, яму у адказ мовіш:
— Я жыву. Асілак, які будзе з табою біцца.
— Дык выходзь, устань перад мною, памераемся сіламі.
— Боязна мне. Шмат ты слаўных воінаў забіў. Так жыць хочацца.
— Дык чаго ты, пудзіла, увесь свет смяшыш? Разнясу твой каменны дом ды цябе глыну!
— Пачакай, цмок, не губі людзей. Калі ты пралізнеш трое жалезных дзвярэй, я сам табе ў пашчу скочу.
— Хай сабе так.
Лізнуў цуда-юда раз — з’еў першыя дзверы, лізнуў другі — і прадыхнуў другія дзверы, лізнуў трэці — і праглынуў трэція. Ды бубеніць прама ў вежу:
— Дык дзе ты там, слаўны асілак? Рабі, пра што казаў. Праверу, які ты на смак.
Я не паверыў, калі ты ўхапіў цмокаў язык жалезнымі кляшчамі ды ўзяўся паганага малаціць па галаве чым папала. Знямеў ад спуду Крагавейка, дрыжыць усвесь, слова мовіць баіцца. А дружына твая тым часам давай яго ў саху запрагаць...
Таргануўся Крагавей раз, таргануўся другі — ні туды, ні сюды. Моцнай аказалася дубовая саха. Ды і вежу разбурыць не ўдаецца. А ты ў яго пытаешся:
— Ну што, пудзіла паганае, будзем мірыцца ці будзем далей біцца?
— Замірымся, слаўны асілак, — просіць літасці цмок.
— А не будзеш болей да зямлі маёй лятаць?
— Не ведаю...
— Ах, не ведаеш!
І ўзяўся ты на Крагавейку баразну гнаць. Першы дзень аралі вы поле, на другі — аралі лес, аж пакуль на трэці не даараліся да вялікай ракі. Знямогся паганы саху валачы, пыхі болей не кажа. І зноў ты маеш яму сказаць:
— Ну што, пудзіла паганае, будзем мірыцца ці будзем далей працаваць, зямлю ўрабляць?
— Мірыцца, мірыцца, — адразу згаджаецца цмок. — Ніколі не буду болей у твой край лятаць, за мяжу заступаць.
— Дык глядзі ж! Будзеш памятаць, дзе мяжа, чужынец, сам яе праараўшы...
Адно не змог цуда-юда пазбыцца паганай прагнасці:
— Шкада, не лётаць мне болей над белай зямлёй. Толькі і твой паважаны чарадзей не будзе болей па ёй хадзіці. Пакінуў я яго на калінавым мосце, адкуль ні вяртання, ні ратавання няма і не будзе.
І ўсміхнуўся я тут, на калінавым мосце, таму што дарма ён так сказаў.
— Гайда! Бух! — загадаў ты цмоку. Маўляў, скачы ў раку.
Няма чаго Крагавейку рабіць. Скочыў у самую строму. Сахі пазбыўся, ледзьве не ўтапіўся. Але ўсё ж здолеў вынырнуць ды паляцеў хавацца ў сваю нару. Прыля цеў ды кажа свайму гаспадару, дзе мяжа прайшла. Ды яшчэ мовіць, што не будзе болей ніколі лётаць да белай зямлі. Другі ўжо раз пераможаны яе асілкамі.
Далятае цмокаў сполах да калінавага моста. Звініць калінавы мост. Ён не любіць слабых. П’е чалавечы смутак, сілкуецца чалавечай жальбай. Таму няматакой сілы, якая б пераўзышла ягоныя чары. І няма такіх чараў, якія б перашкодзілі мне, веднаму чарадзею, вярнуцца да роднай зямлі.
Доўга я вызваляўся з калінавай пасткі. Доўга чакаў. Доўга спадзяваўся. Але адпусціў мяне калінавы мост. Я пераканаў яго, разумнага, жывога, што не прыйшоў яшчэ мой час перайсці на той бок. Я вызваліўся адтуль, адкуль яшчэ нікому не ўдавалася пайсці, я вярнуўся да роднай зямлі. Я так хацеў сустрэцца з табою, чалавеча з наканаваным зорным лёсам. Але я спазніўся.
.Так непапраўна спазніўся.
Стаіць твая высокая белая вежа, цягне да сябе позірк. Буяюць вакол яе зялёныя лясы. Яны вясёлыя, як і людзі, што любяць іх прыгажосць. І ўсе яны на свой лад пяюць шчаслівыя песні, баюць цікавыя казкі, апавядаюць слаўныя легенды. Легенду пра цябе, смелы хлопчык. Легенду пра тое, як праклаў ты векавечную мяжу, з-за якой ніколі болей не адважыўся паганы цуда-юда прыляцець у наш белы край. Ніколі болей не зазналі гора людзі. Бароніць мяжа зямлю і людзей.
Шэпча мне высокі ясень, што не спадзяваўся болей мяне ўбачыць. Маўляў, што ж, што цяпер, чарадзею? Гаворыць, што трымаюць чары маёй зямлі тую мяжу, бо я так хацеў. Гэта праўда, я так хацеў абараніць цябе, стоячы на калінавым мосце, што пажадаў немагчымага. Я так хацеў, каб ты жыў.
І яшчэ шуміць мне высокі ясень. Мовіць пра твой курган у яловай гушчэчы. Паўстаў ён на месцы той багны, дзе перамог ты ваўкалака. Вартая была перамога. Але не магу я ісці туды, не магу падняцца на твой курган. Не магу табе сказаць. Кратае ясны мяне за плечы, нагадвае, што чакае мяне твая душа, чакае, не хоча пайсці ад сваёй зямлі.
А я не магу. Хоць і ведаю, што быў ты абраны князем і слаўна княжыў. Хоць і бачыў ты шчаслівыя дні пад высокім ясенем, бо знайшла цябе твая чараўніца. Хоць і славіць цябе легенда, называючы ўмелым кавалём, адораным незвычайнай сілай, які за подзвіг свой займеў пашану. Я не магу.
Кажа мне ясень, каб тварыў я новую легенду. Апекаваў новага чалавека. Не хачу таго болей. Не змагу таго болей. Паўсталі векавечныя межы на зямлі, дзе спрадвеку ўжыліся свет людскі ды свет чарадзейны. Не пераўзысці векавечных межаў.