Ізноў надыходзіць восень. Быў у Віцкаўшчыне, схадзіў на магілы дзядоў, пабыў на сваёй сядзібе. Там яшчэ адна яблыня, ёй пад 70, а такі дае яблыкі. Перанеслі урну жонкі на Чыжоўскія могілкі. Там агарадзілі месца і мне.
20.Х.85
Савеу музея літаратуры і мастацтва 3-й СШ горада Нясвіжа
Шаноўны Савет!
Пра Нясвіж, наколькі я ведаю, няма ніводнай колькі-небудзь грунтоўнай кнігі, што можа ня так і кепска, бо гэта азначае, што добрую Вы павінны напісаць самі. Тэма «Нясвіж» шырокая, нават надта шырокая. Нясвіж — гэта сталіца Нясвіжскага княства, а пасля 1612 г., калі Радзівіл ажаніўся на князёўне Слуцкай — яшчэ і сталіца Слуцкага княства, самага большага і багатага на Беларусі. У выніку гэтага Ваш горад цэлыя стагоддзі быў самым значным палітычным і культурным цэнтрам Беларусі. Там знаходзілася самая вялікая на Беларусі бібліятэка, там быў велізарны архіў, там была друкарня, там былі надрукаваны партрэты ўсіх Радзівілаў ад легендарных да сапраўдных, там былі зборы карцін, габеленаў, паясоў, манет і г.д.
Належаў Нясвіж Радзівілам, самым магутным феадалам Вялікага Княства Літоўскага і ўсяе Рэчы Паспалітай. Такім чынам, на стагоддзі Нясвіж неадрыўна звязаны з Радзівіламі. Ня раз багацці Радзівілаў, сабраныя ў Нясвіжы, знішчаліся і зноў аднаўляліся. Напісаць гісторыю ўсяго гэтага — заданне ганаровае, і за яго трэба брацца сур’ёзна.
Перш за ўсё Вы павінны скласці бібліяграфію Нясвіжа і Радзівілаў, а гэта азначае, што калі Вы чытаеце кнігу і спатыкаеце месца, дзе гаворыцца пра Нясвіж ці Радзівілаў, то трэба гэтае месца ўпісаць на асобную картку, падаўшы аўтара, поўную назву кнігі ці артыкулу і затым старонкі, на якіх пра гэта напісана. Трэба сказаць, што работа гэта нялёгкая, бо такія звесткі знаходзяцца па большасці ў выданнях дарэвалюцыйных, ці нават з мінулых стагоддзяў, уключаючы XVII, да таго ж яны напісаны на розных мовах, найбольш на польскай, часткова на лацінскай і францускай. Пачынаць трэба з прац Мальдзіса: ён у гэтым сэнсе зрабіў столькі, колькі да яго не рабіў ніхто, ды і кнігі яго пэўна ў Вас ёсць. Каб азнаёміцца ў самых агульных рысах, вазьміце адпаведны том (тамы) Беларускай савецкай энцыклапедыі, прачытайце адпаведныя месцы з кнігі «Верхнее Поднепровье и Белоруссия» (Т.ІХ, Петербург, 1905). Трэба прачытаць другое выданне пад назваю «Живописная Россия» (Т.3, Петербург, 1889). На польскай мове шмат дае кніга Балінскага «Старасвецкая Польшча», Т.1-2. Шмат што дае кніга Шпілеўскага («Путешествие по Полесью и Белорусскому краю»). Для самых розных даведак трэба мець (ці ў кожным разе карыстацца) бібліяграфію А.А.Сакольчыка «Дооктябрьская книга на русском языке о Белоруссии (1768-1917)» (Мінск, 1976).
Пачынаючы ствараць музей, трэба мець на ўвазе ня толькі гісторыю, але ставіць больш шырокае заданне: прырода павінна заняць у Вашых занятках пачэснае месца. Трэба збіраць як мага больш фота гораду і наваколля, зважаючы на тое, што зараз ландшафт надта скора мяняецца. Трэба збіраць і засушваць усе расліны, якія ёсць у горадзе і наваколлі, і абавязкова даведвацца, як завуць гэтыя расліны сярод мясцовага насельніцтва, бо часам нават у адным сяле яны завуцца па-рознаму. Тое ж з птушкамі і звярамі. Асабліва звярнуць увагу на зёлкі, якімі калісь (ды і зараз) лячылі людзей і жывёлу, і даведвацца, як яны ўжываліся і як завуцца.
Раён Нясвіжа надта багаты на фальклор, народную творчасць. Трэба запісваць прымаўкі, песні, казкі. Таксама трэба запісваць старасвецкія звычаі, напрыклад, як дзяўчаты гукалі вясну, як хадзілі і што спявалі валачобнікі, як святкавалі Купалу. Пра сваю мясцовасць сучасную і ў мінулым трэба ведаць як мага больш. Адразу ўсяго ня зробіце, але пачынаць трэба хоць з самага дробнага і, як можа падавацца, нецікавага.
Урэшце: шануючы свой край і свой народ, трэба шанаваць сваю мову. Той, хто зракаецца свае мовы, зракаецца і свайго народу. Вам гэта не падыходзіць.
Некалькі разоў бываў у Нясвіжы, у Клецку, у Слуцку, але зараз мне гэта немагчыма, я занадта стары. Поспехаў Вам у рабоце. Няхай Ваш музей расквітнее.
З.Ш.1986 г.
М.Улашчык
Савеу музея літаратуры і мастацтва 3-й СШ горада Нясвіжа
Дарагі Савет,
Сказаць па-праўдзе, нічога ні Нясвіжу, ні музею пакуль што не зрабіў, пэўна, і не змагу зрабіць, бо занадта многа гадоў, але парады даць магу.
Музей літаратуры і мастацтва? А што Вы павінны збіраць у музеі? Якія рэчы мастацтва? Рэальна ў вас можна збіраць толькі ўзоры народнай творчасці: тканіны, разьбу, у большасці сучасныя, менш старадаўнія.
Літаратура! У Нясвіжы пражыў амаль усё жыццё Сыракомля-Кандратовіч. Дзе ён жыў, ці засталося што ад яго. Ці маеце Вы карту падарожжаў Кандратовіча, і наогул, ці чыталі Вы яго творы? У Нясвіжы была настаўніцкая семінарыя, там вучыўся ня толькі Колас, але і Сянкевіч, і Адам Багдановіч, бацька Максіма. Настаўнікам у семінарыі быў Куярынскі, аўтар цікавых прац і ці не адзінай кнігі пра бежанцаў. Што Вы ведаеце пра яго? Прачытайце дзве кнігі Сержпутоўскага «Казкі і расказы беларусаў-паляшукоў» (другая завецца крыху інакш), і Вы ўбачыце, якія мудрыя і таленавітыя былі тыя людзі, ад якіх Сержпутоўскі запісаў свае казкі. Можа каля Вас ёсць такія ж таленты, і іх трэба выглядаць, а нагледзеўшы — запісваць. Запісваць усё пра мінулае, бо гэта наша гісторыя.
Урэшце яшчэ. Відаць, Савет проста ня ўмее ні пісаць, ні гаварыць па-беларуску, і гэта ў раёне з асабліва чыстаю, харошаю моваю. Вы збіраеце матэрыялы па літаратуры, мастацтву, а мову ігнаруеце. Гэта ўжо фальш. Хто збіраецца (ці пачынае) вывучаць гісторыю Беларусі, той павінен ведаць (ня проста ведаць, але дасканала) мову гэтага народу. Інакш ён зневажае народ, лічыць яго занадта «простым», а мову мужыцкаю.
Калі Вы так лічыце, то з Вашай дзейнасці пэўна нічога ня будзе.
Пішу невыразна, бо ляжу ў бальніцы.
Вітаю Вас з усімі святамі зараз.
6.V.86.
Улашчык
М.А. Ткачову
Дарагі Міхаіл Аляксандравіч!
Атрымаў Ваш ліст, а ўчора быў Таранда. Перадаў кнігі і фота, і сказаў пра Вашую дзейнасць, і пра паездку ў Гудзевічы. Белакозу некалі будзе пастаўлены помнік, ён гэта заслужыў як мала хто. (Дарэчы, я паслаў на імя старшыні савету Каці Манцэвіч дзве пугі, звітыя з тае пянькі, якую прыслала Каця. Падумаць толькі, што такая рэч, як пуга, зараз зусім забытая, забытая і тэхніка яе віцця).
Дзякуй і за запрашэнне прыехаць у Горадню. Зараз такое зусім нерэальна. Дактары, якія штогод пільна аглядаюць нас, каб далажыць, што мерапрыемства выкананае, ня ўбачылі, што ў мяне хворая печань. Угледзеў гэта толькі кансультант, а дактары цягнулі як мага даўжэй з адпраўкай мяне ў бальніцу. Праляжаў больш за паўтары месяцы, трохі адышоў, але калі зайшоў у паліклініку, то сказаў (той самы кансультант), што характар хваробы яму яшчэ ня высветлены, і мяне паслалі ў спецыяльны інстытут на доследы. Там чарга, і мне трэба зайсці аж 28.VІІ. Наогул, такое харошае лета сапсаванае. За мною лічыцца дача над Акою, але я так і не разумею — ці магу я туды даехаць, ці не. Зараз нібы стаў мацнейшы, можа на пару тыдняў і паеду. Вольнага часу ў мяне зараз даволі, бо цалкам зволіўся з Інстытуту.
Я ў свой час наказаў сыну, што Вы будзеце, і каб ён змясціў Вас у маім пакоі. Выйшла, аднак, так, што Вы не дазваніліся, і начавалі ў Аляксеева. Жонка яго сказала, што даклад Ваш прайшоў вельмі добра, з чым і вітаю. Аляксееў казаў, нібы бараніць Вам можна ў іх інстытуце. Можа, праўда, калі ёсць дамоўленасць у Мінску, то ня трэба ўжо блытаць. Мне пісалі, што Петрыкава сапхнулі і прызначылі Марцалева, але тут быў Побаль, званіў мне і сказаў, што такога ўсе чакаюць, але покуль Петрыкаў у інстытуце. Марашу напісаў яшчэ з бальніцы, што яго ўчынак подлы, і што на гэтым нашае знаёмства скончылася. Некалі для гэтай паскуды тут бегаў, званіў, намагаючыся праўды.
4.VІІ.1986.