...Такая родная, знаёмая лiчба: 405! Сэрца закалацiлася - вось-вось вырвецца з грудзей! Дрыготкiмi пальчыкамi пастукала ў дзверы.
- Заходзьце! - вясёлы зычны голас Мiколы пранiзаў яе наскрозь. Не ўвайшла - уляцела Аленка, застыла на парозе, вочы ў вочы сустрэлася з Мiколам. Ён стаяў ля зялёных штораў. За сталом, ля тапаграфiчнай карты, сядзеў у чорным швэдры барадаты Анатоль, сур'ёзны i заклапочаны. Ля яго павольна памешваў гарбату ў шклянцы Сцяпан, акуратна апрануты ў шэры касцюм, пры гальштуку. Галя-мышка разглядвала на святло лямпачкi каляровыя слайды, якiя Мiколаў сусед па пакойчыку, Антось, хударлявы, з прамымi валасамi i чубам, якi закрываў вочы, ад чаго ён увесь час махаў галавою, падаваў ёй са скрынкi i расказваў, з якога яны паходу. Галя ж пры гэтым падымала высока бровы, усмiхалася i кiвала яму галавою.
- Добры вечар усiм! - мовiла Аленка. - А я вось iду мiма, бачу святло... I вырашыла зайсцi...
- Правiльна вырашыла! - засмяяўся Мiкола i падаў ёй крэсла. - Сядай, а то ў нас тут каву нiхто пiць не хоча, пакажы прыклад!
I налiў ёй поўную шклянку.
- Значыць, з Менска iдзём пешшу да вёсачкi Гарадзiшча, - адарваў галаву ад карты Анатоль. - Там робiм першы начлег. Пагледзiце старажытныя валы, якiмi раней быў абнесены горад. Далей пойдзем да Музея архiтэктуры i побыту Беларусi, музей пад адкрытым небам. Затым пойдзем праз лес да вёскi Вiшанька. Тры днi ходу - i мы на месцы, шукайце ў вашай Вiшаньцы мур былога маёнтка Дарыны, падзямелле, Блакiтны пакойчык...
- Тры днi па лесе - гэта нецiкава! - заключыў Мiкола. - Мы ж не на разрад здаём! Навошта нам кiламетраж гнаць? Даедзем на машыне. Лепш гэтыя тры днi аддаць на паездку ў Жыровiчы, там манастыр, помнiк архiтэктуры. Яшчэ куды-небудзь наведацца, напрыклад, у Сынкавiцкую царкву-крэпасць, што ля Баранавiч. Дарэчы, у Баранавiчах таксама ёсць што паглядзець.
- Так справа не пойдзе! - узняўся з месца Анатоль. - Вы тады не турысты, а матраснiкi, i ваш шлях - да экскурсбюро, да мяккiх аўтобусаў!
- А што толку ногi бiць? - заўважыў Сцяпан. - Паход краязнаўчы, а не спартовы!
- Экскурсiя нават цiкавей! - уставiла слова Аленка, каб Мiкола бачыў, што яна падтрымлiвае ягоны погляд на паход.
- Вы мне турызм, спорт не ганьбiце! - ускiпеў Анатоль. - Я нават хлопцам у турклубе сказаў: калi мая жонка будзе супраць паходаў, развядуся! I з вамi тады - развод!
- Толечка! - падышла да хлопца Галя, але той злосна глянуў на яе.
- Усяму свой час! Тут я - не Толечка!
Супакоiў усiх Антось - жвава падняўся, зашмыгаў вяснушкаватым носам i засмяяўся:
- А торт жа наш дымiцца!
Галя пiскнула i выбегла на кухню. З духоўкi сапраўды iшоў дым. Дзяўчына адчынiла яе i выцягнула анучкай тое, што засталося ад торта. Спалохана замаргала вачыма. У гэты момант на кухню ўвайшоў Анатоль. Будучая жонка разгублена паглядала на яго. Потым, адважыўшыся, плёхнула агарак у сметнiцу.
- Малайчына! - здзеклiва кiнуў Анатоль, разгладжваючы бараду, падышоў да акна i запалiў.
Нейкi час яны моўчкi стаялi адно ля аднаго. Анатоль па звычцы стрэсваў попел у вазон. Галя паглядвала на бедны, замораны ўюнок i нарэшце рашылася:
- Ты зноў... у кветкi? Гэта ж шкодна iм...
- Сама не дасканалая, - сур'ёзна глянуў на яе Анатоль, - а другiх вучыш!
- Не дымi ў твар! Колькi можна казаць адно i тое ж? Ты, як твой бацька: у твар да субяседнiка з люлькай лезе, слiнаю пырскае i не здагадаецца адступiцца!
- Ты майго бацьку не ганьбi! Ён настаўнiк, пенсiянер! Я ж на цябе не кажу, што з галечы! - павысiў голас Анатоль, а потым дадаў цiшэй: - Значыць, так, зараз Маруся едзе ў адпачынак, прыедзе ў канцы лютага. Тады пойдзем да яе, няхай цябе навучыць есцi варыць, шыць, бялiзну мыць... I маўчаць, калi муж адпачывае!
Анатоль раптам запынiў на Галi ўважлiвы позiрк.
- А гэта яшчэ што? - скрывiўся ён. - Чаму каўнерык брудны?
Галя вiнавата маўчала.
- Каўнерыкi трэба мяняць кожны дзень! - павучальна кiнуў ёй Анатоль i пайшоў у пакойчык.
Мiкола сеў на ложак побач з Аленкай. Яго блакiтная кашуля так пасавала да ягоных вачэй!
- Я паданне прынесла, - сказала яму цiха Аленка. - Хочаш пачытаць? Пра князя Вiтаўта i Дарыну. Мне адзiн чалавек у Вiшаньцы на Новы год расказаў...
- А? - не зразумеў яе Мiкола. - Ага, добра, - узяў з яе рук аркуш, засунуў яго на кнiжную палiцу i пачаў спрэчку з Анатолем, якi толькi што зайшоў у пакой.
- Нiякiх аўтобусаў! - крычаў Анатоль. - Альбо спартовы паход, альбо сам вядзi паход! Забяспечвай усiх палаткамi, спальнiкамi, заплечнiкамi!
I ён, у запале, кiнуў недакураную цыгарэту на ложак.
- Ай! - закрычала Галя. - Ты зноў абы-куды кiдаеш? Тое ж самае, што i палiш у ложку, ужо раз было - коўдру прапалiў!
- Не вучы мяне жыць! - адрэзаў Анатоль. - Да мужчыны трэба прыстасоўвацца альбо кiдаць! Бачыш, што заснуў, - забяры цыгарэту! Бачыш, што не туды кiнуў, - падымi!
- Анатоль! Нi дня ў лесе! - упарцiўся Мiкола. - Ад музея архiтэктуры едзем у Койданава, потым аўтобусам у Баранавiчы i Слонiм. А ўжо пасля Жыровiч Вiшанька! Маршрут цiкавы, усе згодныя, не ламайся!
- Пайшлi, Галя! - крыкнуў Анатоль дзяўчыне, падаючы палiто. Тая паслухмяна апранулася, i яны выйшлi з пакойчыка, не развiтаўшыся.
...Дапiўшы гарбату, пайшоў у хуткiм часе i Сцяпан. Аленцы так хацелася, каб Антось пакiнуў яе з Мiколам адных, але Антось быццам i не разумеў трынкаў на сваёй гiтары, моршчыў нос i нешта мармытаў.
- Мiкола, я даўно хачу навучыцца iграць на гiтары, - звярнулася да хлопца Аленка. - Парай, калi ласка, якую лепш гiтару купiць.
- Гледзячы колькi ў цябе грошай, - абыякава адказаў той, не адрываючы погляду ад карты, на якой адзначаў маршрут.
- А як ты думаеш, мне лепш пайсцi на курсы цi можна самой навучыцца iграць?
- На чым? - неўразумелымi вачыма глянуў на яе Мiкола i пазяхнуў.
- На гiтары, - расчаравана i безнадзейна мовiла Аленка.
- А-а! На гiтары? - усмiхнуўся той. - Эй, Антось, чаго сядзiш як пень? аглянуўся на сябра. - Навучы дзяўчыну iграць на гiтары!
- З задавальненнем! - падняўся той з ложка i глянуў на гадзiннiк. - Ой, Аленачка, ужо познi час! Зараз вахцёр пастукае ў дзверы...
- Прабачце! Да пабачэння! - засаромелася Аленка i выйшла з пакойчыка.
На душы было цяжка i крыўдна.
- Ну што вы падаеце на мяне? - незадаволена ўскрыкнула жанчына на задняй пляцоўцы аўтобуса.
Аленцы падаўся знаёмым голас. Але яна не азiрнулася. Засяроджана глядзела ў акно. "Зараз загадаю на нумар машыны, - падумала яна, - калi будзе апошняя лiчба няцотная ў нумары, што абгонiць нас, то Мiкола пакахае мяне".
Аўтобус абагналi "Жыгулi" 15-40 МIГ. "Ай, цотны лiк! - расчаравалася Аленка. - Загадаю iнакш. Калi нас абгонiць машына чырвонага колеру - Мiкола пакахае мяне!"
Аўтобус запынiўся на перакрыжаваннi. Аленка лiхаманкава шукала позiркам чырвоную машыну. "Ёсць! - амаль падскочыла ад радасцi. - Побач з намi! Родненькая, чырвоненькая!"
Аўтобус замарудзiў, калi загарэлася зялёнае святло. Чырвоная легкавушка вырвалася наперад. "Ура! Малайчына! Значыць, Мiкола пакахае мяне! Малайчына, ма-шы-нач-ка!" - затрапятала сэрца ў Аленкi.
- Не дыхайце мне ў твар! - крыкнула жанчына на задняй пляцоўцы.
- Вас жа не чапаюць, чаго вы? - заўважыў нехта.
- Дык я вас чапаю! - ускрыкнула тая.
- Едзьце на таксi!
- Гэта ўжо састарэла! - агрызнулася жанчына. - Прыдумайце што новае!
Аленка азiрнулася - так i ёсць, гэта яе мацi, "энергiяй запасаецца"! Дзяўчына хацела адвярнуцца, але нечакана ўбачыла Вайдаша Дуброўскага i ўсмiхнулася яму. Той кiўнуў ёй, прывiтаўся i падышоў блiжэй.
- Як справы, паненка? - папытаўся, гледзячы на яе арэхава-цёмнымi вачыма.
- Добрыя справы, дзякуй, - адказала яму i, развiтаўшыся, падалася на выхад.
Ён сышоў разам з ёю.
- Зойдзем у кафэ! - прапанаваў Аленцы.
Аленка ад адчаю, што нiчога не атрымалася з Мiколам, згадзiлася.
- Майце на ўвазе, - папярэдзiла дзяўчына, калi яны распраналiся ў вестыбюлi, - мая згода нiчога такога не азначае. У мяне ёсць хлопец! За вячэру я буду разлiчвацца сама!
Дуброўскi ўсмiхнуўся i прапанаваў ёй руку, каб падняцца па лесвiцы.
Яны селi за столiк ля акна, задрапiраванага бардовымi шторамi. Афiцыянт паставiў на столiк шампанскае, труфелi. Загучала прыемная мелодыя. Дуброўскi прапанаваў патанцаваць. Аленка ўсмiхнулася i выйшла з-за столiка, падала яму сваю руку...
У час танца Аленка заўважыла, колькi побач прыгожа апранутых жанчын аксамiтныя, парчовыя сукенкi, дэкальтэ, упрыгожаннi... I яна засмуцiлася, што на iх фоне выглядае жабрачкай.
- Я часта ўспамiнаю наш першы танец, - прашаптаў на вуха Дуброўскi, - i нiколi не спадзяваўся, што патанцуем яшчэ...
Аленка маўчала, яна думала пра тое, што здраджвае свайму каханню.
- Вы такая мiлая, непасрэдная, - усмiхнуўся Вайдаш, падводзячы яе да стала, калi танец скончыўся.
Афiцыянт разлiў у бакалы шампанскае.
- Шкада, што я сёння еду ў Гданьск, - прамовiў Дуброўскi, неадрыўна гледзячы на дзяўчыну. - Калi паспею ўладзiць усе справы, вярнуся праз два тыднi. Куды табе патэлефанаваць?
- Нiкуды, - сур'ёзна адказала Аленка. - Я не буду здраджваць свайму хлопцу.
Дуброўскi задуменным, а яшчэ Аленцы здалося, i горычным позiркам, як бы шкадуючы, пазiраў на яе.